Студопедия
Новини освіти і науки:
МАРК РЕГНЕРУС ДОСЛІДЖЕННЯ: Наскільки відрізняються діти, які виросли в одностатевих союзах


РЕЗОЛЮЦІЯ: Громадського обговорення навчальної програми статевого виховання


ЧОМУ ФОНД ОЛЕНИ ПІНЧУК І МОЗ УКРАЇНИ ПРОПАГУЮТЬ "СЕКСУАЛЬНІ УРОКИ"


ЕКЗИСТЕНЦІЙНО-ПСИХОЛОГІЧНІ ОСНОВИ ПОРУШЕННЯ СТАТЕВОЇ ІДЕНТИЧНОСТІ ПІДЛІТКІВ


Батьківський, громадянський рух в Україні закликає МОН зупинити тотальну сексуалізацію дітей і підлітків


Відкрите звернення Міністру освіти й науки України - Гриневич Лілії Михайлівні


Представництво українського жіноцтва в ООН: низький рівень культури спілкування в соціальних мережах


Гендерна антидискримінаційна експертиза може зробити нас моральними рабами


ЛІВИЙ МАРКСИЗМ У НОВИХ ПІДРУЧНИКАХ ДЛЯ ШКОЛЯРІВ


ВІДКРИТА ЗАЯВА на підтримку позиції Ганни Турчинової та права кожної людини на свободу думки, світогляду та вираження поглядів



Контакти
 


Тлумачний словник
Авто
Автоматизація
Архітектура
Астрономія
Аудит
Біологія
Будівництво
Бухгалтерія
Винахідництво
Виробництво
Військова справа
Генетика
Географія
Геологія
Господарство
Держава
Дім
Екологія
Економетрика
Економіка
Електроніка
Журналістика та ЗМІ
Зв'язок
Іноземні мови
Інформатика
Історія
Комп'ютери
Креслення
Кулінарія
Культура
Лексикологія
Література
Логіка
Маркетинг
Математика
Машинобудування
Медицина
Менеджмент
Метали і Зварювання
Механіка
Мистецтво
Музика
Населення
Освіта
Охорона безпеки життя
Охорона Праці
Педагогіка
Політика
Право
Програмування
Промисловість
Психологія
Радіо
Регилия
Соціологія
Спорт
Стандартизація
Технології
Торгівля
Туризм
Фізика
Фізіологія
Філософія
Фінанси
Хімія
Юриспунденкция






Тэма 12: Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі

ў другой палове 19 ст.

1. Аграрная рэформа 1861 г. і асаблівасці яе ажыццяўлення на тэрыторыі Беларусі.

2. Сельская гаспадарка Беларусі ў другой палове 19 ст.

3. Прамысловасць Беларусі ў другой палове 19 ст.

4. Гарады, гандаль, транспартная сістэма на тэрыторыі Беларусі ў другой палове 19 ст.

 

Аграрная рэформа 1861 г. і асаблівасці яе ажыццяўлення на тэрыторыі Беларусі.

Крызіс феадальна-прыгонніцкай гаспадарцы, які стаў відавочны ў сярэдзіне 19 ст., вымусіў царскі ўрад шукаць шляхі да рэфармавання вытворчых адносін ў сельскай гаспадарцы. Неабходнасць адмены прыгоннага права стала ўсведамляцца правячымі коламі пасля паражэння Расійскай імперыі ў Крымскай вайне 1853-1856 гг., якая паказала тэхнічную адсталасць Расіі ў параўнанні з індустрыялізаванымі заходнееўрапейскімі краінамі, пасля ўваходжання на трон імператара Аляксандра ІІ (1855-1881). Шляхам адмены прыгоннага права царызм спадзяваўся стварыць умовы для тэхнічнай мадэрнізацыі гаспадаркі імперыі.

Падрыхтоўка да адмены прыгоннага права пачалася са стварэння “Сакрэтнага камітэта па сялянскіх справах” у студзені 1857 г. Урад імкнуўся правядзенне рэформы паставіць на шырокае абмеркаванне ў колах дваранства. Першым рэгіёнам, у якім меркавалася прыцягнуць памешчыкаў да рэалізацыі ідэі аграрнай рэформы, сталі землі Беларусі і Літвы. Тлумачыцца гэта тым, што памешчыкі гэтага рэгіёну былі ў большай ступені падрыхтаваны да адмены прыгоннага права, таму што іх гаспадаркі былі ўцягнуты ў таварна-грашовыя адносіны праз еўрапейскі рынак. Да вясны 1858 г. ва ўсіх губернях Беларусі і Літвы, а да канца года ў большасці губерняў Расійскай імперыі былі створаны губернскія камітэты з прадстаўнікоў дваранства, якім даручалася скласці праекты адмены прыгоннага права. Канчатковая выпрацоўка праекта рэформы праводзілася спецыяльна створанай імператарам у 1859 г. установай – рэдакцыйнымі камісіямі.

19 лютага 1861 г. расійскі імператар Аляксандр ІІ падпісаў Маніфест аб адмене прыгоннага права і дапасаваныя да яго “Агульнае палажэнне”, “мясцовыя палажэнні” і дадатковыя правілы, якія ілюстравалі змест аграрнай рэформы.

Сутнасць праводзімай аграрнай рэформы палягала ў наступным:

1) Сяляне атрымлівалі асабістую свабоду і грамадзянскія правы: яны маглі гандляваць, набываць рухомую і нерухомую маёмасць, паступаць у навучальныя ўстановы і на службу, несці асабістую адказнасць перад судом і г.д.; памешчыкі не маглі больш прадаваць і караць сялян.

2) Памешчыкі прызнаваліся ўласнікамі ўсёй зямлі, якая належала ім да рэформы. Частка гэтай зямлі адводзілася для надзялення сялян, але не ў асабістую ўласнасць, а ў пастаяннае карыстанне. На працягу дзевяці гадоў сяляне павінны былі выконваць за выдзеленыя ім надзелы павіннасці на карысць памешчыка (паншчына або аброк). На гэты перыяд яны лічыліся часоваабавязанымі і не маглі пакінуць сваё месца жыхарства без дазволу памешчыка.

3) Пазямельныя адносіны паміж памешчыкамі і часоваабавязанымі сялянамі рэгуляваліся ўстаўнымі граматамі, складанне якіх даручалася памешчыкам і спецыяльна ўведзеным для гэтага чыноўнікам – міравым пасярэднікам у двухгадовы тэрмін.

4) Памеры надзелаў, якія адводзіліся сялянам, вызначаліся ў залежнасці ад мясцовых умоў. У Віцебскай і Магілёўскай, дзе панавала абшчыннае землекарыстанне, устанаўліваліся вышэйшыя і ніжэйшыя памеры надзелаў у залежнасці ад колькасці і якасці зямлі ў пэўнай мясцовасці. Вышэйшы надзел складаў 4-5,5 дзесяціны, “ніжэйшы” адпаведна 1,2-1,8 дзесяціны на душу мужчынскага полу. У выпадку, калі дарэформенны надзел быў большым, чым вышэйшы памер надзела, праводзіліся адрэзкі лішкаў зямлі на карысць памешчыка. У Магілёўскай і Віцебскай губернях у выніку адрэзкаў сяляне страцілі ад 25% да 40% зямлі. Для забеспячэння выканання сялянамі павіннасцей у абшчынах уводзілася кругавая парука. У Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і чатырох паветах Віцебскай губерні, дзе існавала падворнае землекарыстанне, нормы сялянскіх надзелаў не вызначаліся; за сялянамі захоўваліся тыя надзелы, якімі яны карысталіся да 1861 г. Адрэзкі дапускаліся, калі ў памешчыка заставалася менш 1/3 часткі зручных зямель; у той жа час сялянскі надзел нельга было паменшыць больш як на 1/6. Пры выкананні павіннасцей дзейнічала асабістая адказнасць селяніна.

5) Сяляне атрымлівалі права выкупу ва ўласнасць вызначаных для іх надзелаў са згоды памешчыка. Пасля ажыццяўлення выкупу часоваабавязаныя адносіны сялян спыняліся. Выкупная сума была такога памеру, каб памешчык, паклаўшы яе ў банк (пад 6% гадавых), мог атрымліваць прыбытак, роўны штогадоваму аброку з зямлі, якая перайшла ва ўласнасць селяніна. Аднак сяляне не мелi такой сумы грошай. Дзяржава выступіла ў якасці пасярэдніка паміж памешчыкамі і сялянамі. Пры выкупе надзелаў сяляне павiнны былі заплаціць 20-25% ад выкупной сумы, а астатнюю частку атрымлівалі ад дзяржавы ў выглядзе каштоўных папер. У выніку гэтай аперацыі сяляне павінны былі на працягу 49 гадоў плаціць дзяржаве выкупныя плацяжы, якія ўключалі ў сябе доўг і працэнты за выдзеленую пазыку.

6) Стваралася сістэма сялянскага самакіравання. Сяляне, якія пражывалі на пэўнай тэрыторыі і складалі сельскую абшчыну, на агульным сходзе выбіралі старасту, зборшчыка падаткаў і іншых службовых асоб. Некалькі сельскіх абшчын утваралі воласць. Валасны сход (сход сялян пэўнай воласці) выбіраў валасную ўправу на чале са старшынёй і валасны суд. Сельскія і валасныя органы ўлады сачылі за грамадскім парадкам, аб’яўлялі сялянам дзяржаўныя законы, кіравалі зборам падаткаў. У сваёй дзейнасці яны падпарадкоўваліся дзяржаўнай павятовай адміністрацыі.

Умовы правядзення аграрнай рэформы выклікалі незадаволенасць сялянства. У масавым парадку сяляне адмаўляліся падпісваць устаўныя граматы, выконваць павіннасці. Уздым сялянскага руху ў 1861-1863 гг. супаў па часе з польскім нацыянальна-вызваленчым паўстаннем 1863-1864 гг. Дадзеная акалічнасць стварала для царскіх улад пагрозу масавага далучэння сялян да паўстання. У падобных умовах царызм у 1863-1864 гг. пайшоў на некаторыя саступкі сялянам:

- адмена часоваабавязанага становішча для сялян беларускіх губерняў у 1863-1864 гг. і перавод іх на абавязковы выкуп;

- змяншэнне сумы выкупных плацяжоў па розных губернях ад 20% да 75%;

- вяртанне сялянам часткі адрэзаных раней зямель; у выніку сярэднія памеры надзелаў былых памешчыцкіх сялян Беларусі аказаліся вышэйшымі, чым у цэлым па Расійскай імперыі (у Беларусі 4,2-5,7 дзесяціны, па Расійскай імперыі – 3,3 дзесяціны).

У 1863 г. былі створаны камісіі, якія павінны былі праверыць памеры сялянскіх надзелаў і скласці выкупныя акты. Складанне выкупных актаў на тэрыторыі Беларусі было завершана ў асноўным да пачатку 1870-х гг.

У 1867 г. была праведзена рэформа дзяржаўных сялян. Яны пераводзіліся з аброку на выкуп зямлі і станавіліся прыватнымі ўладальнікамі зямельных надзелаў, але выкуп для іх не быў абавязковы. Дзяржаўныя сяляне ў асноўным захавалі свае надзелы, якія аказаліся вышэйшымі, чым у памешчыцкіх. За карыстанне зямлёй яны павінны былі плаціць дзяржаве аброк.

Такім чынам, адмена прыгоннага права ліквідавала асабістую залежнасць сялян ад памешчыкаў і стварыла больш спрыяльныя, чым раней, умовы для развіцця капіталістычных таварна-грашовых адносін у селькай гаспадарцы і эканоміцы ў цэлым. Разам з тым асаблівасці правядзення рэформы, накіраваныя перш за ўсё на забеспячэнне інтарэсаў памешчыкаў і дзяржавы, абумовілі захаванне істотных феадальных перажыткаў, крыніцай якіх з’яўлялася сялянскае малазямелле, дапоўненае ўзмацненнем падатковага ціску з боку дзяржавы ў выглядзе выкупных плацяжоў.

 

Сельская гаспадарка Беларусі ў другой палове 19 ст.

У другой палове 19 ст. эканоміка беларускіх зямель захоўвала пераважна аграрны характар. У сельскай гаспадарцы працягвала панаваць буйное памешчыцкае землеўладанне. У другой палове 1870-х гг. памешчыкам належала звыш 50% прыдатнай зямлі, звыш 10% - дзяржаве і царкве, астатнія землі размяркоўваліся сярод сялянства. Па велічыні буйнога памешчыцкага землеўладання Беларусь знаходзілася на адным з першых месцаў сярод рэгіёнаў Расійскай імперыі: на 1877 г. зямельныя ўладанні з колькасцю звыш 500 дзесяцін складалі 88,6% зямельнай уласнасці.. Пасля паўстання 1863-1864 гг. адбыліся некаторыя змены ў нацыянальным складзе буйных землеўладальнікаў. На працягу 1865-1870 гг. уладанні памешчыкаў расійскага паходжання, дзякуючы падтрымцы царскага ўраду, павялічыліся ў 2 разы. Разам з тым было забаронена памешчыкам-католікам набываць новыя зямельныя ўладанні, а сялянам-католікам купляць больш за 60 дзесяцін на чалавека. Забаранялася мець зямлю яўрэям. Дадзеныя абмежаванні стрымлівалі перспектывы фарміравання бессаслоўнага землеўладання.

Адмена прыгоннага права паскорыла працэсы уцягвання сельскай гаспадаркі ў рыначныя адносіны і яе тэхнічнай мадэрнізацыі. Дадзеным працэсам спрыялі таксама шэраг фактараў: працяг узрастання попыту на сельскагаспадарчую прадукцыю ў краінах Заходняй Еўропы ва ўмовах хуткай індустрыялізацыві і мадэрнізацыі; рост гарадоў, прамысловасці і чыгуначнага будаўніцтва ў самой Беларусі і суседніх рэгіёнах Расійскай імперыі. У многіх памешчыцкіх і некаторых заможных сялянскіх гаспадарках сталі распаўсюджвацца шматпольныя севазвароты, сельскагаспадарчыя машыны. Аднак у цэлым тэхнічная мадэрнізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці адбывалася марудна. У буйных памешчыцкіх гаспадарках у гэты перыяд выкарыстоўваліся дзве асноўныя сістэмы гаспадарання:

1) капіталістычная: сутнасць яе палягае ў тым, што памешчыцкая зямля апрацоўвалася наёмнымі сельскагаспадарчымі рабочымі з дапамогай прылад працы і рабочай жывёлы ўласніка;

2) адпрацовачная: сутнасць яе палягае ў тым, што сяляне арандавалі частку зямлі памешчыкаў і за гэта адпрацоўвалі на памешчыцкай зямлі, якая непасрэдна знаходзілася ў памешчыкаў, са сваімі прыладамі працы і рабочай жывёлай, або аддавалі памешчыкам частку сельскагаспадарчай прадукцыі.

У многіх памешчыцкіх гаспадарках суіснавалі элементы абедзвюх названых сістэм. Элементы капіталістычнай сістэмы пераважалі ў памешчыцкіх гаспадарках на захадзе і ў цэнтры тэрыторыі Беларусі, дзе землеўладальнікі традыцыйна былі больш цесна звязаныя з рынкам, а адпрацовачная сістэма – на ўсходзе.

Да сістэмы рыначнай вытворчасці паступова далучалася і гаспадарка сялян. Паказчыкам гэтага працэсу з’явіліся рост гандлёвага земляробства, а таксама маёмаснае расслаенне сялянства. Аднак пераважная большасць сялянскіх гаспадарак з’яўлялася малазямельнымі і мела натуральны характар.

Да 1880-х гг. асноўнай галіной сельскай гаспадаркі з’яўлялася вытворчасць зерневых культур. Аднак сітуацыя змянілася ў выніку сусветнага аграрнага крызісу 1880-1890-х гг. Прычынай крызісу стаў увоз у Еўропу таннага хлеба з ЗША, Канады, Аргенціны, Аўстраліі, што прывяло да рэзкага падзення цэн на зерне на ўнутраных рынках еўрапейскіх краін, а таксама Расіі. Хлебны гандаль пачаў цярпець вялікія страты. На землях Беларусі сітуацыя абвастралася таксама з прычыны тарыфнай палітыкі царскага ўрада, які, абараняючы інтарэсы расійскіх памешчыкаў, устанавіў для іх значна ніжэйшы тарыф на экспарт збожжа, чым для памешчыкаў заходніх губерняў. У выніку збожжавая гаспадарка Беларусі не здолела прыстасавацца да новых умоў рынку і стала стратнай. У дадзеных умовах адбывалася пераарыентацыя таварнай гаспадаркі на новыя галіны вытворчасці. У выніку склалася новая спецыялізацыя сельскай гаспадаркі Беларусі, якую вызначалі наступныя галіны:

- малочная жывёлагадоўля (уключаючы масларобства і сыраварэнне);

- ільноводства;

- бульбаводства.

Аграрны крызіс 1880-1890-х гг. меў наступныя сацыяльна-эканамічныя вынікі:

1) Разарэнне часткі памешчыцкіх гаспадарак, якія не здолелі пераарыентавацца на новыя ўмовы рынку. К канцу 19 ст. каля 57% усіх прыватнаўласніцкіх зямель беларускіх губерняў былі закладзены ў банках, частка з іх прадавалася з таргоў. З 1877 па 1905 гг. дваранскае землеўладанне ў беларускіх губернях скарацілася на 1,3 млн. дзесяцін; у той жа час павялічылася землеўладанне заможных сялян, купцоў і мяшчан.

2) Умацаванне капіталістычнай сістэмы гаспадарання, якая стала пануючай ў заходніх і цэнтральных рэгіёнах Беларусі; на ўсходзе замацоўваецца змешаная адпрацовачна-капіталістычная сістэма.

3) Паскарэнне працэсу ўкаранення ў гаспадарках памешчыкаў і заможных сялян машыннай тэхнікі, насенняводства, пераходу да шматпольных севазваротаў з мэтай зніжэння выдаткаў вытворчасці і павелічэння прыбыткаў.

4) Пашырэнне капіталістычнай арэнды зямлі (на 1887 г. 2,5 млн. дзесяцін дваранскай зямлі знаходзілася ў арэндзе на рыначнай аснове).

5) Узрастанне сацыяльнага расслаення сярод сялянства. У канцы XIX ст. доля гаспадарак заможных сялян складала 10% ад агульнай кольскасці сялянскіх двароў, сераднякоў – 30%, бедных сялян – 60%. Заможнае сялянства ўмацоўвалася за кошт куплі часткі зямель тых памешчыкаў, якія разараліся ў выніку крызісу. Істотную дапамогу ім у гэтым аказваў Сялянскі банк, створаны ў 1882 г. У пошуках заробкаў беззямельныя і малазямельныя сяляне выязджалі на працу ў будаўніцтве і прамысловасці ў іншыя рэгіёны імперыі (за паслярэформенны перыяд колькасць сялян-адыходнікаў павялічылася ў 6,6 разы і на 1890-я гг. складала каля 300 тыс. штогод).

Пералічаныя з’явы сведчылі пра тое, што наступствы сусветнага аграрнага крызісу 1880-1890-х гг. садзейнічалі развіццю капіталістычных рыначных адносін у сельскай гаспадарцы. Аднак дадзенае развіццё адбывалася павольнымі тэмпамі, што было выклікана шэрагам фактараў:

1) Малазямелле сялянства. У выніку сямейных раздзелаў сялянскія гаспадаркі пастаянна змяншаліся (да 1900 г. сярэдняя колькасць зямлі на аднаго чалавека складала ад 2,1 да 3,2 дзесяціны). Магчымасці такіх гаспадарак не дазвалялі весці ў значных памерах таварную вытворчасць, выкарыстоўваць удасканаленыя прылады і спосабы працы, набываць прамысловую прадукцыю.

2) Захаванне абшчыны ва ўсходніх губернях. Абшчынная сістэма не дазваляла збяднелым сялянам цалкам парваць сувязі з вёскай і перайсці на працу ў прамысловасць або будаўніцтва.

3) Высокія дзяржаўныя падаткі для сялянства, уключаючы выкупныя плацяжы, што садзейнічалі збядненню большай часткі сялян.

4) Цераспалоснае валоданне сялянамі зямлёй, што перашкаджала наладжванню рацыянальных метадаў гаспадарання.

Такім чынам, на працягу другой паловы 19 ст. назіраецца працэс развіцця капіталістычных рыначных адносін у сельскай гаспадарцы Беларусі. Асаблівы імпульс дадзенаму працэсу быў нададзены сусветным аграрным крызісам 1880-1890-х гг. Аднак у той жа час істотныя перажыткі ў сельскай гаспадарцы істотна тармазілі развіццё таварна-грашовых адносін, кансервавалі элементы натуральнай гаспадаркі з прымітыўнымі формамі гаспадарання і тэхнікі.

 

Прамысловасць Беларусі ў другой палове 19 ст.

Адмена прыгоннага права стварыла спрыяльныя ўмовы для развіцця прамысловасці на землях Беларусі. У другой палове 19 ст. можна вылучыць чатыры асноўныя тыпы прамысловасці:

- рамесна-саматужная прамысловасць;

-дробнакапіталістычная прамысловасць;

- мануфактурная прамысловасць;

-фабрычна-заводская прамсловасць.

 

Тып прамысловасці Спецыфіка вытворчасці Колькасць прадпрыемстваў на 1900 г. Колькасць рабочых на 1900 г.
Рамесна-саматужная Вытворчы працэс ажыццяўляецца сіламі рамесніка-уладальніка прадпрыемства, членаў яго сям’і і рабочых ў колькасці менш 5 чал. без спецыялізаванага падзелу працы пры дапамозе ручных прылад працы 58,1 тыс. 110 тыс.
Дробнакапіталістычная Вытворчы працэс ажыццяўляецца сіламі рабочых ў колькасці ад 5 да 16 чал. без спецыялізаванага падзелу працы пры дапамозе ручных прылад працы 17 тыс. 63,5 тыс.
Мануфактурная Вытворчы працэс ажыццяўлялецца сіламі рабочых у колькасці ад 16 чал. пры дакладна вызначаным падзеле працы, пры дапамозе ручных прылад працы 28,8 тыс.
Фабрычна-заводская Вытворчы працэс ажыццяўляецца рабочымі пры дакладна вызначаным падзеле працы і выкарыстанні машынных прылад працы 33,6 тыс.

 

Рост колькасці прадпрыемстваў, рабочых і аб’ёмаў вытворчасці назіраўся ў межах усіх тыпаў прамысловасці разглядаемага перыяду. Асабліва хуткімі тэмпамі развівалася фабрычна-заводская прамысловасць, аб’ём прадукцыі ў межах якой на працягу 1860-1900 гг. павялічыўся ў 37 разоў. Пры гэтым асноўная колькасць фабрык была пабудавана ў 1880- 1890-я гг. дзякуючы правядзенню інтэнсіўнага чыгуначнага будаўніцтва на тэрыторыі Беларусі. Характэрна тое, што пасля рэформы 1861 г. у Беларусі зніклі прыгонныя фабрыкі і мануфактуры; усе прамысловыя прадпрыемствы былі пераведзены на капіталістычны лад.

Аднак сярод фабрык пераважалі невялікія прадпрыемствы, на кожным з якіх працавала менш як 50 чалавек. На канец 19 ст. на землях Беларусі налічвалася толькі 9 буйных прадпрыемстваў з колькасцю рабочых звыш 500 чалавек. Сярод буйнейшых фабрык у Беларусі належылі машынабудаўнічы і чыгуналіцейны завод Якабсона, Ліўшыца і Кº у Мінску, льнопрадзільная фабрыка “Дзвіна” ў Віцебску, тытунёвая фабрыка Шарашэўскага ў Гродне, папяровая фабрыка ў Добрушы, запалкавыя фабрыкі ў Пінску і Барысаве. Таксама буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі з’яўляліся чыгуначныя майстэрні і дэпо ў Пінску, Гомелі, Мінску, Віцебску.

Развіццё прамысловасці абумовіла стварэнне акцыянерных кампаній – фінансава-прамысловых груп, у межах якіх аб’ядноўваліся капіталы некалькіх асобных уласнікаў. Паколькі канцэнтрацыя вытворчасці на землях Беларусі была невысокай, іх колькасць на канец 19 ст. не перавысіла 10. У асноўным акцыянерныя таварыствы ствараліся ў сферы эксплутацыі гарадскіх камунікацый (напрыклад, бельгійскае акцыянернае таварыства “Віцебскі трамвай” з 1898 г.).

У структуры прамысловай вытворчасці пераважалі галіны, заснаваныя на перапрацоўцы мясцовай сыравіны. Па аб’ёмах вытворчасці дамінавалі наступныя прамысловыя галіны:

харчовая (перавагу мела вінакурства);

дрэваапрацоўчая (пераважалі запалкавая і папярова-друкарская вытворчасць);

тэкстыльная;

металаапрацоўчая (разам з чыгуначнымі майстэрнямі);

сілікатна-керамічная і будаўніча-рамонтная.

У апошняй трэці 19 ст. у эканамічным жыцці Беларусі значную ролю пачалі адыгрываць банкі. Сярод іх вылучаліся:

1) Банкі, заснаваныя з дапамогай мясцовага капіталу: Віленскі камерцыйны банк з аддзяленнямі Бабруйску, Гомелі, Гродне і Слоніме; Мінскі камерцыйны банк; Беластоцкі камерцыйны банк.

2) Аддзяленні буйнейшых расійскіх банкаў: 5 філіялаў Дзяржаўнага банка; філіялы Азова-Данскога банка ў Мінску, Магілёве, Пінску; філіял Пецярбургска-Азоўскага банка ў Мінску.

У Беларусі, дзе пераважалі дробныя капіталістычныя і мануфактурныя прадпрыемствы, функцыяніравалі таксама невялікія банкірскія канторы, якія займаліся крэдытнымі аперацыямі па абслугоўванню дробных прамыславікоў і гандляроў. Галоўныя сферы ўкладання сродкаў для камерцыйных банкаў – гандаль, першасная апрацоўка лесу і льну.

Развіццё прамысловасці Беларусі знаходзілася пад уплывам сусветнага эканамічнага цыкла. Эканамічныя крызісы 1873-1875 гг. і 1881-1882 гг. прывялі да скарачэння дробнай і мануфактурнай вытворчасці, пры захаванні росту ў фабрычна-заводскай прамысловасці. У 1890-я гг. назіраецца прамысловы ўздым, які ахапіў амаль усе галіны вытворчасці. Падчас яго сярэднегадавыя тэмпы прыросту прадукцыі склалі 8,2%. Удзельная вага беларускай прамысловасці ў прамысловасці Расійскай імперыі склала каля 5%, колькасць рабочых 10%.

У той жа час да пачатку 20 ст. прамысловасць не пераўтварылася ў вядучы сектар эканомікі на землях Беларусі. Узровень развіцця прамысловасці Беларусі быў невысокі не толькі ў параўнанні з краінамі Заходняй Еўропы, але і ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі еўрапейскай часткі Расійскай імперыі. Нягледзячы на рост фабрычна-заводскай вытворчасці, асноўная прамысловая прадукцыя выраблялася ў межах рамесна-саматужнай і дробнакапіталістычнай вытворчасці, заснаванай на перапрацоўцы мясцовай сыравіны, пры нізкім узроўні тэхнічнага забеспячэння. Асноўнымі прычынамі маруднага развіцця буйной прамысловасці з’яўляліся:

1) Адсутнасць сыравіны, неабходнай для буйной вытворчасці. Пераважала сельскагаспадарчая, лясная і мінеральная сыравіна, на базе якой працавалі дробныя прадпрыемствы з ручнымі, вадзянымі і ветранымі рухавікамі.

2) Адсутнасць буйных капіталаў. Асноўныя капіталаўкладанні ў прамысловасць ажыццяўляла мясцовае яўрэйскае насельніцтва, якое было пазбаўлена правоў на валоданне зямлёй і яе нетрамі, не мела ў сваёй большасці значных сродкаў для заснавання буйных прадпрыемстваў і займалася ў асноўным рамяством. Буйны расійскі і замежны капітал лічыў для сябе больш выгадным укладанне сродкаў у гандаль і развіццё транспартнай інфраструктуры, а не ў прамысловасць.

3) Каланіяльная палітыка царызму, які быў зацікаўлены ў паскораным развіцці найперш цэнтральных прамысловых раёнаў і ў захаванні Беларусі як аграрнага прыдатку імперыі.

Такім чынам, у другой палове 19 ст. мела месца істотнае развіццё прамысловай вытворчасці на землях Беларусі. Аднак у цэлым узровень развіцця прамысловасці Беларусі ў агульнаеўрапейскім кантэксце быў невысокі.

 

Гарады, гандаль, транспартная сістэма на тэрыторыі Беларусі ў другой палове 19 ст.

Істотным фактарам развіцця гарадоў, прамысловасці і гандлю на землях Беларусі ў другой палове 19 ст. стала шырокамашабнае чыгуначнае будаўніцтва. Будаўніцтва чыгунак ажыццяўлялася па ініцыятыве царскага ўрада, а таксама буйнога расійскага і мясцовага капіталу. Галоўнымі матывамі будаўніцтва з’яўляліся патрэбы інтэнсіфікацыі гандлёвых сувязяў, а таксама ваенна-стратэгічныя мэты. У 1860-1890-я гг. праз тэрыторыю Беларусі праляглі наступныя чыгункі:

Пецярбургска-Варшаўская (праз Гродна); пабудавана ў 1862 г.;

Рыга-Арлоўская (праз Дзвінск, Полацк, Віцебск); пабудавана ў 1866 г.;

Маскоўска-Брэсцкая (праз Смаленск, Оршу, Мінск, Баранавічы); пабудавана ў 1870-я гг.;

Лібава-Роменская (праз Вільню, Маладзечна, Мінск, Бабруйск, Жлобін); пабудавана ў 1871-1874 гг.;

Гомельска-Бранская; пабудавана ў 1877 г.;

Палескія: Пінск-Гомель, Беласток-Баранавічы; пабудаваныя ў 1882-1886 гг.;

Пецярбургска-Адэская (праз Віцебск, Оршу, Магілёў); пабудавана з канца 19 ст. да 1902 г.

На пачатку 20 ст. Беларусь сярод рэгіёнаў Расійскай імперыі была на адным з першых месцаў па насычанасці чыгункамі. Узніклі буйныя чыгуначныя вузлы: Мінск, Віцебск, Гомель, Орша, Брэст, Баранавічы. Будаўніцтва чыгунак значна паскорыла развіццё ўнутранага і знешняга гандлю.

З пачаткам будаўніцтва чыгунак пачала хутка памяншацца роля кірмашовага гандлю. Усё большае значэнне набываў стацыянарны гандаль у крамах і лаўках. Гэта сведчыла пра тое, што рыначныя сувязі беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак, а таксама Беларусі з іншымі рэгіёнамі Расійскай імперыі станавіліся больш трывалымі.

У гэты час тэрыторыя Беларусі інтэгруецца ў сістэму агульнарасійскага рынку. Спецыялізацыя гандлю Беларусі ў дадзенай сістэме характарызавалася перавагай вывазу сельскагаспадарчай сыравіны і лясных матэрыялаў. Разам з тым Беларусь выступала рынкам збыту прамысловых тавараў і збожжа, якія ўвозіліся з іншых рэгіёнаў Расійскай імперыі. Захоўваліся знешнегандлёвыя сувязі з краінамі Заходняй Еўропы, асабліва з Германіяй. Структура экспарту і імпарту прадукцыі ў цэлым не змянілася ў параўнанні з папярэднім перыядам.

У другой палове 19 ст. назіраецца рост гарадоў у Беларусі. З 1860 па 1900 гг. колькасць гарадскога насельніцтва ўзрасла з 350 да 650 тыс. чалавек. Прычынамі дадзенага росту з’яўляліся развіццё прамыловасці і гандлю, хуткае чыгуначнае будаўніцтва, ліквідацыя прыгоннай залежнасці сялян у выніку рэформы 1861 г. Значнымі гандлёва-прамысловымі цэнтрамі сталі найперш гарады, якія выступалі галоўнымі чыгуначнымі вузламі. Буйнейшым горадам на тэрыторыі Беларусі ў гэты перыяд становіцца Мінск, насельніцтва якога на 1897 г. налічвала 90 тыс. жыхароў. Таксама ўзрастае значэнне такіх гарадоў як Магілёў, Віцебск, Гомель, Гродна, Брэст, Пінск. Узнікаюць новыя формы транспартных камунікацый: З'явіліся конна-чыгуначныя дарогі (конкі) у Мінску і Магілёве (1890-я гг.), трамвай у Віцебску (1898).

У той жа час у Беларусі не сфарміраваліся буйныя прамысловыя цэнтры з сотнямі тысяч насельніцтва, якія ў гэты час складваюцца ў Еўропе. Галоўная прычына гэтага – спецыялізацыя беларускай прамысловасці на перапрацоўцы мясцовай сыравіны, што абумовіла яе размяшчэнне ў асноўным ў сельскай мясцовасці і невялікіх мястэчках. К канцу 19 ст. толькі каля 31% усёй прамысловай прадукцыі выраблялася ў гарадах.

У гарадах і мястэчках у гэты перыяд пачынае фарміравацца новая сацыяльная структура, у якой дамінуючае месца займалі сацыяльныя класы індустрыяльнага грамадства: буржуазія і пралетарыят (рабочы клас).

Клас буржуазіі складаўся з уласнікаў гандлёвых і прамысловых капіталаў. Фарміраванне дадзенага класа адбывалася з ліку дваран-прадпрымальнікаў, разбагацеўшых купцоў і мяшчан. Спецыфіка буржуазіі на беларускіх землях заключалася ў тым, што сярод яе пераважалі дробныя і сярэднія прадпрымальнікі. Буржуазія была неаднароднай па нацыянальнай прыкмеце: асноўная маса дваран-прадпрымальнікаў дэкларавала сябе рускімі або палякамі; пераважная большасць капіталістаў з ліку купцоў і мяшчан былі яўрэямі.

Клас пралетарыяту ўяўляе з сябе вольнанаёмных рабочых, якія пазбаўлены ўласнасці на сродкі вытворчасці і працуюць на прадпрыемствах рознага тыпу за акрэсленую заработную плату. Фарміраванне дадзенага класа адбывалася за кошт збяднелых сялян, рамеснікаў і дробных гандляроў. Асаблівасцямі структуры рабочага класа Беларусі былі яго распыленасць па дробных прадпрыемствах, нязначная ўдзельная вага занятых на буйных фабрыках і заводах, невялікая колькасць кадравых пастаянных і кваліфікаваных рабочых. Пралетарыят таксама з’яўляўся неаднародным па нацыянальнай прыкмеце: сярод кваліфікаваных кадраў чыгуначных майстэрань і дэпо, тэлеграфістаў пераважалі рускія; у дробнай і рамеснай прамысловасці, гандлі сферы абслугоўвання – яўрэі; на будаўніча-рамонтных работах, на прамысловых прадпрыемствах у сельскай мясцовасці – беларусы.

У той жа час у сацыяльнай структуры гарадскога насельніцтва вялікую ўдзельную вагу складалі дробныя рамеснікі і гандляры, якія не належылі да асноўных класаў капіталістычнага грамадства. Гэта было вынікам панавання ў гарадах дробнай і рамесна-саматужнай прамысловасці.

 

Такім чынам, у эканоміцы беларускіх зямель у другой палове 19 ст. пасля адмены прыгоннага права ў 1861 г. адбываецца працэс развіцця капіталістычных таварна-грашовых адносін. Аднак да пачатку 20 ст. Беларусь заставалася аграным краем; сельская гаспадарка мела ў значнай ступені натуральны характар; у прамысловасці дамінавала дробнакапіталітычная і рамесная вытворчасць, заснаваная на перапрацоўцы мясцовай сыравіны. Гэта стала вынікам захавання значных фаедальных перажыткаў у сельскай гаспадарцы, адсутнасці на тэрыторыі Беларусі значных рэсурсаў і капіталаў для развіцця буйной прамысловай вытворчасці, каланіяльнай палітыкі царызму.

 

Асноўныя паняцці:

Адмена прыгоннага права 1861 г., часоваабавязаныя сяляне, устаўныя гарматы, адрэзкі, выкупныя плацяжы, воласць, валасны сход, валасная ўправа, рэформа дзяржаўных сялян 1867 г., адрпацовачная сістэма гаспадарання ў памешчыцкіх уладаннях, капіталістычная сістэма гаспадарання ў памешчыцкіх уладаннях, сусветны аграрны крызіс 1880- 1890-х гг., рамесна-саматужная прамысловасць, дробнакапіталістычная прамысловасць, мануфактурная прамысловасць, фабрычна-заводская прамысловасць, акцыянерныя кампаніі, камерцыйныя банкі, эканамічны крызіс, прамысловы ўздым, чыгуначнае будаўніцтва, агульнарасійскі рынак, буржуазія, пралетарыят.

 

Кантрольныя пытанні і заданні:

1. Якія прычыны штурхнулі царскі ўрад на правядзенне аграрнай рэформы 1861 г.?

2. Растлумачце, чаму царскі ўрад вырашыў пачаць правядзенне аграрнай рэформы з губерняў Беларусі і Літвы?

3. Якія асноўныя накірункі змяшчала ў сабе аграрная рэформа 1861 г.?

4. Што азначае паняцце “часоваабавязаныя сяляне”? Чаму царскі ўрад імкнуўся павялічыць тэрмін залежнасці сялян ад памешчыкаў?

5. Растлумачце, з якой мэтай падчас рэформы 1861 г. ажыццяўляліся адрэзкі сялянскай зямлі на карысць памешчыкаў?

6. На якіх умовах ажыццяўляўся выкуп сялянамі зямлі ва ўласнасць? З якой мэтай дзяржава выступіла пасярэднікам паміж памешчыкамі і сялянамі падчас выкупной здзелкі?

7. Які характар мела створаная ў выніку рэформы 1861 г. сістэма сялянскага самакіравання? Наколькі значнай была ступень яе самастойнасці?

8. Растлумачце, чаму адмена прыгоннага права ў Беларусі прайшла на больш выгадных для сялянства ўмовах у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расійскай імперыі. Якія саступкі ў адносінах да сялянства былі праведзены царызмам у 1863-1864 гг.?

9. Вызначце сутнасць і характар аграрнай рэформы 1861 г. Паразважайце над тым, якія яна змяшчала ў сабе наступствы для далейшага эканамічнага развіцця краю.

10. Якую структуру мела землеўладанне на землях Беларусі ў другой палове 19 ст.? Растлумачце значную перавагу тут буйнога памешчыцкага землеўладання.

11. Якія фактары спрыялі развіццю рыначных адносін у сельскай гаспадарцы Беларусі ў другой палове 19 ст.? У чым выяўлялася дадзенае развіццё?

12. Параўнайце асаблівасці капіталістычнай і адпрацовачнай форм гаспадарання ў памешчыцкіх уладаннях. Якая з гэтых форм у большай ступені спрыяла ўцягванню сельскай гаспадаркі ў рыначныя адносіны?

13. Якія з’явы сведчылі пра ўцягванне ў сістэму таварна-грашовых рыначных адносін сялянскай гаспадаркі? Наколькі значнай была ступень такога ўцягвання?

14. Якую ролю ў развіцці сельскай гаспадаркі Беларусі меў сусветны аграрны крызіс 1880-1890-х гг.? Якім чынам змянілася ў выніку крызісу спецыялізацыя сельскай гаспадаркі Беларусі?

15. Растлумачце, чаму ў выніку аграрнага крызісу 1880-1890-х гг. адбываецца разарэнне значнай колькасці памешчыцкіх гаспадарак, якія выкарыстоўвалі адпрацовачныя формы гаспадарання і ўмацоўваецца капіталітсычная сістэма гаспадарання ў памешчыціх маёнтках.

16. Укажыце фактары, якія тармазілі працэс развіцця капіталітычных рыначных адносін у сельскай гаспадарцы.

17. Растлумачце прычыны хуткага развіцця фабрычна-заводскай вытворчасці ў канцы 19 ст. Чаму большасць фабрык на тэрыторыі Беларусі былі адносна невялікімі?

18. Назавіце найбольш буйныя прамысловыя прадпрыемствы, якія ўзніклі ў Беларусі ў другой палове 19 ст.?

19. Што такое акцыянерныя кампаніі? Якую ролю яны мелі ў развіцці прамысловасці Беларусі ў другой палове 19 ст.?

20. Які характар мела структура прамысловасці Беларусі другой паловы 19 ст.? Паспрабуйце вызначыць абумоўленасць такой структуры.

21. Якую ролю ў эканамічным развіцці Беларусі адыгрывалі банкі? Растлумачце, чаму банкаўскі капітал лічыў за лепшае ўкладваць сродкі ў гандаль і першасную апрацоўку сыравіны, а не ў развіццё прамысловасці.

22. Паспрабуйце растлумачыць, чаму царскі ўрад не быў зацікаўлены ў развіцці буйной прамысловасці на землях Беларусі.

23. Якую ролю ў развіцці прамысловасці і гандлю Беларусі мела чыгуначнае будаўніцтва другой паловы 19 ст.? Назавіце асноўныя пабудаваныя чыгункі.

24. Растлумачце, чаму Беларусь была адным з найбольш насычаных чыгункамі рэгіёнаў Расійскай імперыі.

25. Якім чынам і чаму будаўніцтва чыгунак абумовіла змены ў структуры гандлю на тэрыторыі Беларусі?

26. Які характар мела спецыялізацыя Беларусі ў сістэме агульнарасійскага рынку?

27. Вызначце прычыны росту гарадскога насельніцтва ў другой палове 19 ст. Якія гарады развіваліся найбольш значнымі тэмпамі?

28. Ці можна весці гаворку пра фарміраванне на землях Беларусі буйных індустрыяльных цэнтраў? Чым можна патлумачыць дадзеную сітуацыю?

29. Якія новыя сацыяльныя класы фарміруюцца ў беларусскіх гарадах і мястэчках у другой палове 19 ст.?

30. Паспрабуйце вызначыць узровень развіцця эканомікі Беларусі ў другой палове 19 ст. у цэлым і растлумачце прычыны гэтага.

 

Тэмы дакладаў і рэфератаў:

1. Падрыхтоўка і ажыццяўленне аграрнай рэформы 1861 г. у Беларусі.

2. Сялянскае пытанне і паўстанне 1863-1864 гг.

3. Фарміраванне сістэмы сялянскага самакіравання.

4. Рэгіянальная спецыялізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці ў Беларусі ў другой палове 19 ст.

5. Сусветны аграрны крызіс 1880-1890-х гг. і Беларусь.

6. Развіццё фабрычна-заводскай прамсловасці ў Беларусі ў другой палове 19 ст.

7. Чыгуначнае будаўніцтва ў Беларусі ў другой палове 19 ст.

8. Змены ў беларускім горадзе другой паловы 19 ст.

 

 

Тэма 13: Сацыяльна-палітычнае жыццё Беларусі ў другой палове 19 ст.

1. Паўстанне 1863 г.: перадумовы, ход, вынікі.

2. Палітыка царызму на тэрыторыі Беларусі ў апошняй трэці 19 ст.

3. Грамадска-палітычны рух на тэрыторыі Беларусі ў апошняй трэці 19 ст.

4. Фарміраванне рабочага руху на землях Беларусі ў апошняй трэці 19 ст.

Паўстанне 1863 г.: перадумовы, ход, вынікі.

З сярэдзіны 19 ст. у палітыцы царызму выявіліся некаторыя змены. Паражэнне Расійскай імперыі ў Крымскай вайне 1853-1856 гг. абазначыла эканамічную і тэхнічную адсталасць Расіі ў параўнанні з развітымі заходнееўрапейскімі дзяржавамі. Кіруючыя колы імперыі ўсведамляюць неабходнасць правядзення рэформ у розных сферах грамадскага жыцця, накіраваных на мадэрнізацыю грамадства, у першую чаргу ў сферы вытворчых адносін у сельскай гаспадарцы, вынікам чаго стала адмена прыгоннага права ў 1861 г.

Правядзенне рэформ выклікала некаторую лібералізацыю грамадска-палітычнага жыцця ў Расійскай імперыі, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі. Дадзеная лібералізацыя звязвалася з пачаткам царавання новага імператара Аляксандра ІІ (1855-1881). У першыя гады яго праўлення была праведзена амністыя палітычным зняволеным, якая распаўсюджвалася на былых дзекабрыстаў, удзельнікаў паўстання 1830-1831 гг., удзельнікаў падпольных арганізацый і г.д., былі некалькі паслаблены цэнзура, абмежаванні ў адносінах да нацыянальных і канфесійных меншасцяў.

Падобныя мерапрыемствы выклікалі ўздым грамадскай актыўнасці ў былым Каралеўстве Польскім і на землях былога ВКЛ. Пачынаючы з 1860 г. у Варшаве і іншых польскіх гарадах перыядычна адбываюцца патрыятычныя маніфестацыі, прысвечаныя памяці знакамітых палякаў ці прымеркаваныя да нацыянальных памятных дат. У хуткім часе падобныя акцыі праводзяцца і ў гарадах на землях былога ВКЛ. Асноўнымі ўдзельнікамі маніфестацый былі інтэлігенцыя, студэнцкая і вучнёўская моладзь, каталіцкае духавенства, прадстаўнікі сярэдніх слаёў польскамоўнага гарадсткога насельніцтва. У грамадскай думцы ўзнікаюць спадзяванні на аднаўленне аўтаноміі Каралеўства Польскага.

На мяжы 1850-1860-х гг. аўтанамісцкія настроі актывізуюцца і сярод грамадскай эліты на землях былога ВКЛ. Цэнтрам руху за аўтаномію дадзеных зямель сталі Віленскі музей старажытнасцяў і створаная пры ім Археалагічная камісія (створаны ў 1855 г.). Найбольш актыўнымі дзеячамі названага руху з’яўляліся Адам Кіркор, Яўстахій і Канстанцін Тышкевічы, Міхал Балінскі, Тэадор Нарбут. Ідэйным выразнікам руху стаў часопіс “Віленскі партфель” (рэдактар – А. Кіркор), які выдаваўся з канца 1850-х гг. Палітычным адлюстраваннем дзейнасці дадзенага руху сталі праекты рэфармавання грамадства, адрасаваныя расійскаму імператару Аляксандру ІІ (“Віленскі альбом” 1858 г., складзены А. Кіркорам, І. Ходзькам і інш.; праект гродзенскага губернскага прадвадзіцеля дваранства, графа Віктара Старжынскага 1862 г.). Дадзеныя праекты базаваліся на ідэі партнёрства шляхты зямель былога ВКЛ і расійскага ўрада і змяшчалі наступныя асноўныя патрабаванні:

– стварэнне сістэмы мясцовага самакіравання для зямель былога ВКЛ;

– аднаўленне дзейнасці Статута ВКЛ 1588 г.;

– аднаўленне Віленскага універсітэта;

– вяртанне ў сістэму адукацыі польскай мовы.

Аднак царскі ўрад адмаўляў ідэю палітычнай аўтаноміі як зямель былога ВКЛ, так і Польшчы. На мяжы 1850-1860-х гг. палітыка частковых саступак мясцовым элітам спалучалася з рэпрэсіямі ў адносінах да ўдзельнікаў польскага нацыянальнага руху. Так, у красавіку 1861 г. у Варшаве была растраляна дэманстрацыя, у выніку чаго загінула больш за 100 чалавек. Няздольнасць царскага ўрада вырашыць “польскае пытанне” садзейнічала радыкалізацыі грамадскага руху ў Польшчы і на землях былога ВКЛ, у выніку чаго ў 1861-1863 гг. адбываецца фарміраванне сеткі падпольных арганізацый польскага нацыянальна-вызваленчага руху, якія ставілі сваёй мэтай аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай шляхам паўстання.

У межах польскага нацыянальна-вызваленчага руху ў гэты перыяд вылучаліся дзве плыні: белыя і чырвоныя.

 

Назва плыні Асноўныя арганізацыі Лідэры плыні Сацыяльны склад Праграма нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва Сацыяльна-палітычная праграма Метады рэалізацыі мэтаў
Белыя Гарадская дэлегацыя і Дырэкторыя ў Варшаве Анджэй Замойскі Леапольд Кроненберг Якуб Гейштар   буйныя зе-млеўласнікі, купцы, частка інтэліген-цыі, каталіцкае духавенства аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. як нацыянальнай польскай дзяржавы дэмакратычная рэспубліка з захаваннем прывілеяў для шляхты; захаванне ў асноўным існуючай сацыяльна-эканамічнай сістэмы арыентацыя на кампраміс з царызмам або на дапамогу замежных дзяржаў – Англіі і Францыі
Чырвоныя   Цэнтральны нацыяналь-ны камітэт у Варшаве Яраслаў Дамброўскі Канстанцін Каліноўскі Валерый Урублеўскі дробная і сярэдняя шляхта, частка інтэліген-цыі, студэнцкая і вучнёўская моладзь, часткова каталіцкае духавенства аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. як федэрацыі Польшчы з землямі Беларусі, Літвы, Украіны дэмакратычная рэспубліка з роўнымі правамі для прадстаўнікоў усіх сацыяльных слаёў насельніцтва; правядзенне радыкальнай аграрнай рэформы арыентацыя на арганізацыю ўсенароднага масавага паўстання з удзелам усіх слаёў насельніцтва

 

Летам 1862 г. у Вільні з мэтай падрыхтоўкі да паўстання ў краі быў створаны Літоўскі правінцыйны камітэт (ЛПК). Фармальна ён быў падначалены Цэнтральнаму нацыянальнаму камітэту ў Варшаве. У ЛПК уваходзілі прадстаўнікі як "чырвоных” так і "белых", аднак перавага належала “чырвоным” на чале з Канстанцінам Каліноўскім. ЛПК займаўся стварэннем мясцовых падпольных арганізацый, зборам грошай і зброі для арганізацыі паўстання, правядзеннем прапаганды сярод насельніцтва. Друкаванымі выданнямі ЛПК былі падпольныя газеты “Мужыцкая праўда” (на беларускай мове, выйшла 7 нумароў) і “Сцяг свабоды” (на польскай мове, выйшлі 3 нумары). Выданне беларускамоўнай “Мужыцкай праўды” было абумоўлена імкненнем “чырвоных” да шырокага прыцягнення беларускага сялянства да паўстання ва ўмовах уздыму сялянскага руху пасля аграрнай рэформы 1861 г. На старонках дадзенага выдання шырока асвятлялася сацыяльная праблематыка, асуджаліся метады правядзення аграрнай рэформы царскім урадам.

У студзені 1863 г. у Польшчы пачалося ўзброенае паўстанне. Цэнтральны нацыянальны камітэт 22 студзеня 1863 г. абвясціў сябе Часовым нацыянальным урадам і выдаў Маніфест, у якім змяшчаўся заклік да паўстання, абвяшчалася аднаўленне Рэчы Паспалітай, свабода і роўнасць усіх грамадзян незалежна ад сацыяльнага і нацыянальнага паходжання. Да Маніфеста далучаліся два зямельныя дэкрэты, паводле якіх прадугледжваліся скасаванне ўсіх феадальных павіннасцей для сялян, пераход ва ўласнасць сялян надзелаў, якія знаходзіліся ў іх карыстанні, надзяленне беззямельных сялян невялікімі надзеламі за кошт дзяржаўных маёнткаў.

У хуткім часе паўстанне распаўсюдзілася на землі Беларусі і Літвы. 1 лютага 1863 г. ЛПК выдаў адозву да насельніцтва з заклікам падтрымаць паўстанне, абвясціў аб падпарадкаванні Часоваму нацыянальнаму ўраду ў Польшчы і аб падтрымцы яго праграмы. ЛПК быў пераўтвораны ў Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі на чале з К. Каліноўскім. Да вясны 1863 г. на тэрыторыі Літвы, а таксама заходняй і цэнтральнай часткі Беларусі былі створаны падпольныя органы ўлады і паўстанцкія атрады. Пачаліся сутычкі паўстанцкіх атрадаў з царскімі войскамі і паліцыяй.

Асноўную масу паўстанцаў складалі прадстаўнікі дробнай і сярэдняй шляхты, студэнцкая і вучнёўская моладзь. Каля 20% паўстанцаў складалі касінеры. Арганізатары паўстання спрабавалі пашырыць яго геаграфію на ўсход і поўнач: у красавіку 1863 г. паўстанцкі атрад на чале з Л. Звяждоўскім пры падтрымцы студэнтаў мясцовага земляробчага інстытута на адзін дзень заняў горад Горкі; напрыканцы красавіка атрад на чале з З. Серакоўскім спрабаваў ажыццявіць рэйд на тэрыторыю Латвіі, аднак быў разбіты расійскімі войскамі ў бітве каля Біржаў. Вясна 1863 г. стала часам найбольшага ўздыму паўстання. 8 мая 1863 г. каля в. Мілавіды адбыўся буйнейшы бой паміж паўстанцамі і расійскімі войскамі.

Ход паўстання суправаджаўся суперніцтвам у лагеры паўстанцаў паміж “чырвонымі” і “белымі”. У студзені-сакавіку 1863 г. перавага ў кіраўніцтве паўстаннем належыла “чырвоным”. У сакавіку 1863 г. вядучая роля пераходзіць да белых. Адлюстраваннем гэтага стала замена Часовага правінцыйнага ўрада Літвы і Беларусі на чале з К. Каліноўскім Аддзелам кіравання правінцыямі Літвы на чале з прадстаўніком “белых” Якубам Гейштарам. З чэрвеня 1863 г. перавага ізноў пераходзіць да “чырвоных”; у ліпені Аддзел кіравання правінцыямі Літвы ўзначальвае К. Каліноўскі.

На падаўленне паўстання царскія ўлады накіравалі 200-тысячнае войска. У маі 1863 г. віленскім генерал-губернатарам быў прызначаны М.Мураўёў, які атрымаў за сваю жорсткасць мянушку “Вешальнік”. Адміністрацыя М. Мураўёва праводзіла, з аднаго боку, рэпрэсіі супраць паўстанцаў, з другога, шырока выкарыстоўвала сацыяльную дэмагогію з мэтай прыцягнення на свой бок сялянства. Афіцыйная прапаганда сцвярджала, што паўстанне арганізавалі польскія паны з мэтай аддзялення ад Расіі, каб аднавіць прыгоннае права. Таксама шырока выкарыстоўваўся рэлігійны фактар: абвяшчалася, што паўстанцы-католікі імкнуцца знішчыць праваслаўе ў краі. Па ініцыятыве адміністрацыі М. Мураўёва былі перагледжаны ўмовы аграрнай рэформы 1861 г. на карысць сялян.

Дадзеная палітыка прынесла свае вынікі. Да восені 1863 г. паўстанцкія атрады на тэрыторыі Беларусі былі ліквідаваны; да канца года спынілася партызанская дзейнасць на тэрыторыі Літвы. Летам 1864 г. паўстанне было задушана на тэрыторыі Польшчы. На тэрыторыі Беларусі апошняя падпольная арганізацыя была ліквідавана летам 1864 г. у Навагрудку. Некаторыя ўдзельнікі паўстання эмігравалі.

Падаўленне паўстання суправаджалася жорсткімі рэпрэсіямі супраць яго ўдзельнікаў. У Літве і Беларусі 128 чалавек, у тым ліку К. Каліноўскі, былі пакараны смерцю, больш як 850 сасланы на катаргу, больш як 760 аддадзена ў арыштанцкія роты, 12,5 тыс. чалавек выселена. Сядзібы рэпрэсіраваных і эміграваўшых удзельнікаў паўстання разбураліся, а маёмасць канфіскоўвалася. На тэрыторыі Беларусі і Літвы на працяглы тэрмін быў усталяваны рэжым выключных законаў.

Да ліку асноўных прычын паражэння паўстання належаць:

1) Слабая матэрыяльна-тэхнічная і арганізацыйная падрыхтоўка паўстання; адсутнасць скаардынаванага кіраўніцтва паўстаннем і наяўнасць сур’ёзных рознагалоссяў у межах паўстанцкай улады.

2) Істотная перавага царызму ў матэрыяльных і людскіх рэсурсах ў параўнанні з польскай паўстанцкай уладай.

3) Вузкасць сацыяльнай базы паўстання. Асноўную масу паўстанцаў складала дробная і сярэдняя шляхта. Сялянства пераважна было настроена ў адносінах да паўстання індыферэнтна або варожа, што тлумачылася абмежаванасцю аграрнай праграмы паўстанцкіх улад.

4) Неўмяшанне заходніх дзяржаў у ход узброенай барацьбы, на што спадзяваліся паўстанцы.

Характар паўстання выклікае розныя ацэнкі гісторыкаў. Сярод іх можна вылучыць два асноўныя падыходы:

1) паўстанне 1863-1864 гг. па сваёй сутнасці было буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыяй, паколькі было накіравана супраць самадзяржаўя, рэшткаў прыгонніцтва і саслоўнай няроўнасці, тым самым імкнулася для стварэння ўмоў для больш хуткага развіцця капіталістычных адносін у эканоміцы і дэмакратызацыі палітычнай сістэмы;

2) паўстанне 1863-1864 гг. па сваёй сутнасці было шляхецкім нацыянальна-вызваленчым паўстаннем, галоўнай мэтай якога было аднаўленне Рэчы Паспалітай у форме або нацыянальнай польскай дзяржавы або федэрацыі Польшчы і Літвы-Беларусі; планы сацыяльных пераўтварэнняў, хаця і прысутнічалі ў праграмах паўстанцаў, аднак не мелі ў іх вызначальнай ролі.

 

Палітыка царызму на тэрыторыі Беларусі ў апошняй трэці 19 ст.

Пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гг. у палітыцы царызму на тэрыторыі Беларусі ўзмацняецца рэпрэсіўная скіраванасць. Галоўнай мэтай мерапрыемстваў, праводзімых царскімі ўладамі з’яўляецца паслядоўная русіфікацыя краю. У 1862-1865 гг. пры ўрадзе Расійскай імперыі дзейнічаў Заходні камітэт, які займаўся распрацоўкай асноўных накірункаў русіфікацыі тэрыторый былога ВКЛ у розных сферах грамадскага жыцця.

Можна вылучыць асноўныя накірункі палітыкі царызму ў апошняй трэці 19 ст.:

1) Русіфікацыя землеўладання: Адбылася канфіскацыя зямельных уладанняў удзельнікаў паўстання, якія па сімвалічных коштах прадаваліся расійскім чыноўнікам. У той жа час землеўладальнікам каталіцкага веравызнання забаранялася купляць і арандаваць землю, а для сялян-католікаў устанаўлівалася максімальная норма зямельнай мёмасці – 60 дзесяцін на адну гаспадарку. У выніку ў структуры памешчыцкага землеўладання істотна ўзрасла ўдзельная вага расійскіх уладальнікаў. Хаця ў цэлым па-ранейшаму колькасна пераважала мясцовае “польскае” землеўладанне.

2) Русіфікацыя адміністрацыйнай сістэмы: Пасля паўстання адбылася “чыстка” мясцовага адміністрацыйнага апарату. Многія мясцовыя кадры пераводзіліся на працу ў цэнтральныя расійскія губерні, а на іх месца запрашаліся расійскія чыноўнікі.

3) Аднаўленне палітыкі “разбору шляхты”.

4) Дыскрымінацыйная палітыка ў дачыненні рымска-каталіцкай царквы: пасля падаўлення паўстання былі зачынены ўсе каталіцкія манастыры, а таксама многія касцёлы. Некаторыя касцёлы пераўтвараліся ў праваслаўныя храмы. У некаторых мясцовасцях адбываліся спробы прымусовага пераводу католікаў у праваслаўе. У той жа час у апошняй трэці 19 ст. па ўсёй тэрыторыі Беларусі разгарнулася масавае будаўніцтва праваслаўных храмаў. Праваслаўная царква атрымлівала ад дзяржавы вялікую матэрыяльную і маральную падтрымку.

5) Дыскрымінацыйная палітыка ў адукацыйнай сферы: У 1864 г. быў зачынены Горы-Горацкі земляробчы інстытут за падтрымку студэнтамі паўстання. Скарацілася колькасць сярэдніх і пачатковых навучальных устаноў. За тымі адукацыйнымі ўстановамі, што засталіся, быш узмоцнены паліцэйскі і царкоўны кантроль. Адзінай мовай выкладання ў школах прызнаецца руская.

6) Узмацненне ідэалагічнай працы сярод насельніцтва: Умацоўваецца ідэалогія заходнерусізму, цэнтрамі прапаганды якой выступаюць праваслаўная царква, школа і афіцыйны друк. З мэтай абгрунтавання “гістарычных правоў” Расіі на беларускія землі ажыццяўляюцца шматлікія археаграфічныя, этнаграфічныя, археалагічныя і інш. даследаванні. Узмацняецца паліцэйскі кантроль ў сферы духоўнага жыцця грамадства.

У выніку праведзеных мерапрыемстваў узмацніўся рэпрэсіўны характар дзяржаўнай улады, умацаваліся пазіцыі рускага дваранства і чыноўніцтва ў розных сферах грамадскага жыцця Беларусі. Уплыў польскай шляхты значна зменшыўся ў сістэме адміністрацыі і культуры, аднак яна захавала дастаткова моцныя пазіцыі ў сферы землеўладання. У цэлым падобная сітуацыя ўтрымлівала ў сабе перадумовы будучых сацыяльных канфліктаў.

У агульнаімперскім маштабе палітыка ўрада цара Аляксандра ІІ была накіравана на захаванне абсалютысцкай сістэмы; аднак, пры гэтым лічылася неабходным некалькі прыстасаваць яе да новых сацыяльна-эканамічных умоў. У сувязі з гэтым у 1860-1870-я гг. быў праведзены шэраг рэформ у розных сферах грамадскага жыцця. На тэрыторыі Беларусі, улічваючы абставіны, якія там склаліся пасля паўстання 1863-1864 гг. дадзеныя рэформы былі прааведзены са спазненнем і не ў поўным аб’ёме. Сярод рэформ вылучаюцца наступныя:

1) Земская рэформа 1864 г. Паводле яе ў губернях і паветах стваралася сістэма органаў мясцовага самакіравання – губернскія і павятовыя земствы з прадстаўнікоў розных саслоўяў, якія займаліся пытаннямі мясцовай гаспадаркі, аховы здароўя, народнай адукацыі і г.д. На тэрыторыі Беларусі дадзеная рэформа не была праведзена да 1911 г.

2) Гарадская рэформа 1870 г. На тэрыторыі Беларусі праведзена ў 1876 г. Паводле яе, у гарадах ствараліся ўсесаслоўныя органы грамадскага самакіравання – гарадскія думы і гарадскія ўправы. На чале ўправы стаяў гарадскі галава, ён адначасова з’яўляўся і старшынёй гарадской думы. Выбары праходзілі на аснове маёмаснага цэнзу. Выбарчым правам карысталіся толькі плацельшчыкі гарадскіх падаткаў. У беларускіх гарадах, дзе большасць насельніцтва складалі “іншаверцы” – яўрэі, былі ўведзены абмежаванні для гэтай катэгорыі гараджан. Яны мелі права займаць толькі 1/3 частку месцаў у органах гарадскога самакіравання, а паводле Гарадавога палажэння 1892 г. – толькі 1/10 частку. У распараджэнні гарадскіх дум і ўпраў былі пытанні развіцця прамысловасці і гандлю; арганізацыі адукацыі і медыцынскага абслугоўвання; утрымання пажарнай аховы, паліцыі і казармаў. Думы і ўправы не мелі органаў выканаўчай улады і падпарадкоўваліся губернатарам і міністру ўнутраных спраў.

3) Судовая рэформа 1864 г. Паводле яе, ліквідаваліся саслоўныя суды і ствараліся новыя ўсесалоўныя органы судовай улады:

судовыя палаты – разглядалі апеляцыі і займаліся палітычнымі справамі, абслугоўвалі некалькі губерняў;

акруговыя суды – дзейнічалі на ўзроўні губерні;

міравыя суды – дзейнічалі на ўзроўні павета.

Суд станавіўся адкрытым, публічным і незалежным ад урада. Ствараўся інстытут адвакатуры і прысяжных засядацеляў, а для засведчання розных юрыдычных актаў уводзілася пасада натарыуса. Усе справы разглядаліся ў прысутнасці абвінавачанага, сведкаў і публікі, друкаваліся ў газетах. На тэрыторыі Беларусі судовая рэформа пачалася ў 1872 г. з увядзеннем міравых судоў. Акружныя суды, пракуратура і інстытут прысяжных засядацеляў былі створаны толькі ў 1882 г. У адрозненне ад расійскіх губерняў, дзе суддзяў выбіралі земствы, на беларускіх землях яны прызначаліся міністэрствам юстыцыі.

4) Ваенная рэформа 1874 г. Паводле яе, адмянялася сістэма рэкруцкіх набораў. Была ўведзена абавязковая вайсковая павіннасць для ўсіх асоб мужчынскага полу, якія дасягнулі 20-гадовага ўзросту. Уводзіўся скарочаны тэрмін службы: для сухапутных войскаў – 6 гадоў службы і 9 гадоў запасу, для флоту 7 гадоў службы і 3 гады запасу. Для асоб, якія мелі адукацыю, тэрмін службы значна скарачаўся.

5) Адукацыйная рэформа 1864 г. Адукацыйная сістэма набывала ўсесаслоўны характар. Асновай сярэдняй адукацыі станавіліся гімназіі, якія дзейнічалі на платнай аснове. У сістэме пачатковай адукацыі грамадскім арганізацыям і прыватным асобам дазвалялася па ўзгадненні з уладамі адкрываць народныя 4-класныя вучылішчы.

Рэформы 1860-1870-х гг. у пэўнай ступені садзейнічалі развіццю капіталістычных адносін і фарміраванню элементаў грамадзянскай супольнасці. На тэрыторыі Беларусі яны мелі абмежаваны эфект у выніку дзеяння тут рэжыму выключных законаў.

Падчас царавання наступніка Аляксандра ІІ Аляксандра ІІІ (1881-1894) і ў першыя гады царавання Мікалая ІІ (1894-1917) у палітыцы расійскіх улад узмацняецца рэакцыйны накірунак. У 1880-1890-я гг. ажыццяўляецца шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на ўмацаванне абсалютысцкай дзяржаўнай улады і прывілеяванага становішча дваранства. Дадзеныя мерапрыемствы атрымалі назву контррэформы:

1) Судовыя контррэформы 1887-1889 гг. Паводле іх, быў зменены цэнз для выбрання прысяжных засядацеляў у судзе з мэтай павелічэння колькасці прадстаўнікоў ад дваран. Заканадаўча замацоўваліся канфіскацыя шэрагу судовых спраў (асабліва тых, якія датычылі супраціўлення ўладам) з вядзення суда прысяжных і абмежаванне публічнасці судоў.

2) Закон аб земскіх начальніках 1889 г. Паводле яго, скасоўваўся інстытут міравых судоў. Замест іх судовая ўлада ў паветах у адносінах да сялянства ажыццяўлялася земскімі начальнікамі, якія прызначаліся з ліку мясцовага дваранства. Інстытут земскіх начальнікаў быў уведзены ў Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губернях у 1900 г. У Віленскай і Гродзенскай губернях ён не ўводзіўся, паколькі сярод мясцовага дваранства пераважала каталіцкая шляхта, якой царскі ўрад не аказваў даверу.

3) “Цыркуляр аб кухарчыных дзецях” 1887 г. Паводле яго, аднаўляліся элементы саслоўнасці ў сяэдняй школе. Забараняўся прыём у гімназіі дзяцей асобных катэгорый насельніцтва: фурманаў, прачак, дробных крамнікаў і г.д.

4) Гарадская контррэформа 1892 г. Паводле яе, ніжэйшыя слаі гарадскога насельніцтва адхіляліся ад удзелу ў выбарах у органы гарадскога самакіравання; абмяжоўвалася прадстаўніцтва ў гарадскіх думах і управах яўрэяў.

Такім чынам, у апошняй трэці 19 ст. палітыка царызму была накіравана перадусім на ўмацаванне абсалютысцка-бюракратычнай дзяржаўнай сістэмы. На землях Беларусі спецыфіка дадзенай палітыцы праяўлялася ў арыентацыі на паслядоўную русіфікацыю краю з дапамогай рэжыму выключных законаў, устаноўленага пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гг.

 

Грамадска-палітычны рух на тэрыторыі Беларусі ў апошняй трэці 19 ст.

Падаўленне паўстання 1863-1864 гг. прывяло да заняпаду грамадска-палітычнага руху на тэрыторыі Беларусі. Значна ўзмацняюцца паліцэйскі кантроль у грамадскім жыцці і цэнзура. На тэрыторыі Беларусі адсутнічалі незалежныя ад дзяржавы грамадскія арганізацыі і перыядычныя выданні (да 1886 г.).

У асяроддзі каталіцкай шляхты адбываецца заняпад ідэй польскага нацыянальна-вызваленчага руху і шляхецкага рэвалюцыянарызму. Пануючымі становяцца ідэі аб неабходнасці супрацоўніцтва з царызмам, у першую чаргу ў сферы эканомікі і культуры.

У першае дзесяцігоддзе пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гг. на тэрыторыі Беларусі адсутнічалі арганізацыі, якія б дэкларавалі барацьбу з царызмам. Іх адраджэнне адбываецца з сярэдзіны 1870-х гг. У аснову ідэалогіі гэтых арганізацый былі пакладзены ідэі сацыяльнай рэвалюцыі. Галоўнымі накірункамі рэвалюцыйнага руху ў апошняй чвэрці 19 ст. становяцца народніцтва і марксізм.

Народніцтва – агульнарасійскі грамадскі рух апошняй трэці 19 – пачатку 20 стст. Дадзены рух сфарміраваўся ў асяроддзі апазіцыйна настроенай расійскай інтэлігенцыі. У межах народніцтва дзейнічалі розныя плыні. Абагульнена вылучаюць два асноўныя тыпы народніцтва:

- рэвалюцыйнае народніцтва;

- ліберальнае народніцтва.

Абодва дадзеныя тыпы знайшлі сваё ўвасабленне ў грамадскім руху на тэрыторыі Беларусі.

Ідэалогія рэвалюцыйнага народніцтва грунтавалася на палітычных тэорыях расійскіх радыкальных палітычных дзеячаў сярэдзіны – другой паловы 19 ст. – А. Герцэна, М. Бакуніна, М. Чарнышэўскага, П. Лаўрова. Сацыяльны ідэал рэвалюцыйнага народніцтва – сацыялізм, пад якім разумеецца грамадскі лад, заснаваны на панаванні калектыўнай уласнасці на асноўныя сродкі вытворчасці. Магчымасць пераходу да сацыялізму бачылася ў наяўнасці для гэтага аб’ектыўных сацыяльна-эканамічных перадумоў. Пад гэтым разумелася існаванне такога сацыяльнага інстытута, як сялянская абшчына, у функцыянаванні якой змяшчаліся элементы сацыялізму (традыцыі абшчыннага самакіравання, перыядычныя перадзелы зямлі). Капіталізм разглядаўся рэвалюцыйнымі народнікамі як штучнае ўтварэнне, якое насаджаецца дзяржаўнай уладай для павелічэння даходаў кіруючай эліты. Пераход да сацыялістычнага грамадства звязваўся з народнай рэвалюцыяй, якая павінна знішчыць самадзяржаўе, устанавіць дэмакратычны палітычны лад і стварыць умовы для вырашэння карэнных сацыяльных пытанняў. У падрыхтоўцы рэвалюцыі галоўнай рухаючай сілай павінна стаць прагрэсіўная інтэлігенцыя.

Шырокае распаўсюджанне рэвалюцыйна-народніцкага руху сярод інтэлігенцкай моладзі ў гарадах Расійскай імперыі адносіцца да 1870-х гг. Асноўным метадам дзейнасці рэвалюцыйных народнікаў першапачаткова з’яўлялася “хаджэнне ў народ” – правядзенне прапагандысцкай працы сярод народных мас пад выглядам сельскіх спецыялістаў, вандроўнікаў і г.д. з мэтай пазбаўлення народа ад ўкаранёных сацыяльных стэрэатыпаў і забабонаў, распаўсюджання крытычных адносін да рэчаіснасці і такім чынам падрыхтоўкі да рэвалюцыйных дзеянняў. У 1876 г. з некалькіх рэвалюцыйна-народніцкіх гурткоў утварылася арганізацыя “Зямля і воля”.

У другой палове 1870-х гг. рэвалюцыйна-народніцкія гурткі ўзнікаюць у буйнейшых гарадах Беларусі. У іх уваходзілі пераважна прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі шляхецкага або мяшчанскага паходжання. Дадзеныя гурткі падтрымлівалі сувязь з “Зямлёй і воляй”.

“Хаджэнне ў народ” скончылася няўдачай: сяляне не зразумелі ў большасці ідэй рэвалюцыянераў, а царызм узмацніў рэпрэсіі. У выніку сярод рэвалюцыйных народнікаў узніклі рознагалоссі, якія завяршыліся расколам “Зямлі і волі” на дзве арганізацыі – “Чорны перадзел” (1879 – 1881 гг.) і “Народную волю” (1879 – 1882 гг.). “Чорны перадзел” працягваў традыцыі “Зямлі і волі”. Яго дзеячы ставілі сваёй задачай ажыццяўленне актыўнай асветніцка-прапагандысцкай дзейнасці інтэлігенцыі сярод народных мас, якая павінна прывесці да паступовых змен у калектыўнай свядомасці і, як вынік, да развіцця масавых рэвалюцыйных рухаў. Прадстаўнікі “Народнай волі” імкнуліся наблізіць сацыяльную рэвалюцыю шляхам тэрарыстычных актаў супраць носьбітаў дзяржаўнай улады.

На тэрыторыі Беларусі большасць рэвалюцыйна-народніцкіх гурткоў далучыліся да “Чорнага перадзелу”. У Мінску была заснавана цэнтральная друкарня арганізацыі і некаторы час тут знаходзілася кіраўніцтва “Чорнага перадзелу” на чале з Г. Пляханавым і А. Бонч-Асмалоўскім. Аднак у 1881 г. гурткі чорнаперадзельцаў былі выкрыты паліцыяй; многія іх дзеячы зняволены, а кіраўнікі на чале з Г. Пляханавым апынуліся ў эміграцыі. З гэтага моманту пачаў павялічвацца ўплыў “Народнай волі”. У 1882 г. была створана “Паўночна-Заходняя арганізацыя Народнай волі” з цэнтрам у Вільні. Кульмінацыйным момантам дзейнасці “Народнай волі” стала ажыццяўленне забойства цара Аляксандра ІІ 1 сакавіка 1881 г. Тэрарыстычны акт здзейсніў выхадзец з Беларусі Ігнат Грынявіцкі. У выніку царскіх рэпрэсій на працягу 1881-1882 гг. арганізацыі “Народнай волі” былі разгромлены.

У 1880-х – першай палове 1890-х гг. рэвалюцыйнае народніцтва перажывала заняпад ва ўмовах узмацнення рэпрэсій. Дзейнічалі нешматлікія гурткі рэвалюцыйна-народніцкай арыентацыі ў беларускіх гарадах, пераважна сярод вучнёўскай моладзі, а таксама сярод беларускіх студэнтаў у Пецярбургскім універсітэце.

Сярод апошніх фарміруюцца ідэі аб неабходнасці спалучэння задач сацыяльнай рэвалюцыі з вырашэннем беларускага нацыянальнага пытання. У 1884 г. у Пецярбургу ўзнікае Беларуская сацыял-рэвалюцыйная група “Гоман”, якую ўзначальвалі беларускія студэнты А.Марчанка, Х.Ратнер, М.Стацкевіч, У.Крупскі. Група выдавала часопіс з аднайменнай назвай (выйшлі 2 нумары). Гоманаўцы падзялялі асноўныя ідэі рэвалюцыйнага народніцтва і лічылі неабходным аб'яднаць усе рэвалюцыйныя сілы Расійскай імперыі для звяржэння самадзяржаўя. Яны ўпершыню ў гісторыі Беларусі заявілі аб існаванні самастойнай беларускай нацыі. Зыходзячы з прынцыпу раўнапраўя ўсіх народаў, гоманаўцы абвяшчалі права беларускага народа на нацыянальную дзяржаўнасць. У сваёй праграме яны лічылі неабходным пераўтварэнне Расійскай імперыі ў федэрацыю самастойных рэспублік, адной з якіх павінна стаць Беларусь. Гоманаўцы спрабавалі абвясціць сябе цэнтрам усіх народніцкіх арганізацый Беларусі, але стварыць адзіную народніцкую беларускую арганізацыю не здолелі. У выніку царскіх рэпрэсій група “Гоман” спыніла сваё існаванне.

У другой палове 1890-х гг. назіраецца адраджэнне рэвалюцыйна-народніцкага руху. У 1901 – 1902 гг. у выніку аб’яднання рэвалюцыйна-народніцкіх гурткоў у Расійскай імперыі ўзнікае Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР). На працягу 1902-1904 гг. арганізацыі партыі аформіліся ў большасці значных гарадоў Беларусі і Літвы. У 1904 г. адбылося іх аб'яднанне ў Паўночна-Заходнюю абласную арганізацыю ПСР.

Ва ўмовах крызісу рэвалюцыйнага народніцтва ў 1880-1890-я гг. фарміруецца г. зв. ліберальнае народніцтва. Яго асноўныя ідэйна-тэарэтычныя палажэнні:

- ідэя мірнага эвалюцыйнага пераўладкавання грамадства ў дэмакратычным накірунку;

- сцвярджэнне ў якасці ідэалу сацыяльнага ўладкавання гарманічнага спалучэння свабоды асобы і грамадскай салідарнасці;

- абвяшчэнне інтэлігенцыі галоўнай рухаючай сілай і каталізатарам грамадскага прагрэсу;

- тэорыя “малых спраў”, якая прадугледжвала неабходнасць выканання інтэлігенцыяй “абавязку перад народам” праз сумленныя адносіны да ўласных прафесійных абавязкаў. Тэорыя і практыка “малых спраў” акцэнтавалі ўвагу на неабходнасці фарміравання грамадзянскай супольнасці шляхам ініцыятыў з боку інтэлігенцыі, што ўключала ў сябе станаўленне і развіццё недзяржаўных грамадскіх арганізацый, прапаганду асветы, правядзенне канкрэтных мерапрыемстваў, накіраваных на карысць народных мас, у эканамічнай і сацыяльна-культурнай сферы.

На тэрыторыі Беларусі цэнтрам прапаганды ліберальнага народніцтва становіцца першая легальная недзяржаўная газета “Минский листок” (1886 – 1902 гг.). У цэлым газета як легальнае выданне вымушана была выказваць ліберальныя ідэі вельмі асцярожна. У “Минском листке” прапагандуюцца ідэі асветы і распаўсюджання сацыяльна значных ведаў; пры гэтым звяртаецца ўвага на тое, што яны павінны спалучацца з канкрэтнымі дзеяннямі па паляпшэнню жыцця народа. Асвета разглядаецца як важны фактар паляпшэння дабрабыту і маральнага стану грамадства.

У 1880-я гг. на землях Беларусі фарміруецца новы накірунак радыкальнага грамадска-палітычнага руху – марксізм. Як накірунак еўрапейскай сацыяльна-палітычнай думкі марксізм пачынае фарміравацца ў сярэдзіне 19 ст. у творчасці нямецкіх грамадска-палітычных дзеячоў і навукоўцаў Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса. З другой паловы 19 ст. марксізм пераўтвараецца ў шырокі грамадска-палітычны рух, які ахапіў большасць краін Еўропы, а затым распаўсюдзіўся і на іншых кантынентах. У аснове сацыяльна-палітычнай ідэалогіі марксізму знаходзіліся наступныя ідэі:

- сацыяльным ідэалам абвяшчаецца сацыялізм (камунізм), што павінен прыйсці на змену капіталізму як заканамерны вынік развіцця апошняга;

- пераход ад сацыялізму да капіталізму павінен адбыцца шляхам абумоўленай аб’ектыўнымі фактарамі сацыялістычнай рэвалюцыі, галоўнай рухаючай сілай якой разглядаецца рабочы клас; у выніку сацыялістычнай рэвалюцыі рабочы клас павінен атрымаць палітычную ўладу і ажыццявіць сацыялістычныя мерапрыемствы.

У другой палове 1880 – першай палове 1890-х гг. у буйнейшых гарадах Беларусі ўзнікаюць марксісцкія гурткі, я


Читайте також:

  1. Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі.
  2. ВОПРОС23:Сацыяльна-эканамічнае становішча беларускіх зямель у другой палове XVI-XVIII ст.
  3. Грамадска-палітычная сітуацыя на тэрыторыі Беларусі напярэдадні і падчас вайны 1812 г.
  4. Жалезны век на тэрыторыі Беларусі.
  5. Каменны век на тэрыторыі Беларусі.
  6. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. у Беларусі і яе вынікі.
  7. Модуль 3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі.
  8. Народы рух на Беларусі.
  9. Нямецка-фашысцкі акупацыйны рэжым у Беларусі (1941-1944).
  10. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі.
  11. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі летам 1941 г.
  12. Пачатак Другой сусветнай вайны. Далучэнне Заходняй Беларусі да СССР і БССР.




Переглядів: 2585

<== попередня сторінка | наступна сторінка ==>
Гарады. Гандаль. | Перадумовы фарміравання беларускай нацыі.

Не знайшли потрібну інформацію? Скористайтесь пошуком google:

 

© studopedia.com.ua При використанні або копіюванні матеріалів пряме посилання на сайт обов'язкове.


Генерація сторінки за: 0.042 сек.