Студопедия
Новини освіти і науки:
МАРК РЕГНЕРУС ДОСЛІДЖЕННЯ: Наскільки відрізняються діти, які виросли в одностатевих союзах


РЕЗОЛЮЦІЯ: Громадського обговорення навчальної програми статевого виховання


ЧОМУ ФОНД ОЛЕНИ ПІНЧУК І МОЗ УКРАЇНИ ПРОПАГУЮТЬ "СЕКСУАЛЬНІ УРОКИ"


ЕКЗИСТЕНЦІЙНО-ПСИХОЛОГІЧНІ ОСНОВИ ПОРУШЕННЯ СТАТЕВОЇ ІДЕНТИЧНОСТІ ПІДЛІТКІВ


Батьківський, громадянський рух в Україні закликає МОН зупинити тотальну сексуалізацію дітей і підлітків


Відкрите звернення Міністру освіти й науки України - Гриневич Лілії Михайлівні


Представництво українського жіноцтва в ООН: низький рівень культури спілкування в соціальних мережах


Гендерна антидискримінаційна експертиза може зробити нас моральними рабами


ЛІВИЙ МАРКСИЗМ У НОВИХ ПІДРУЧНИКАХ ДЛЯ ШКОЛЯРІВ


ВІДКРИТА ЗАЯВА на підтримку позиції Ганни Турчинової та права кожної людини на свободу думки, світогляду та вираження поглядів



Тэма 22: БССР у другой палове 1940 – першай палове 1950-х гг.

1. Аднаўленне эканамічнай сістэмы БССР у другой палове 1940 – першай палове 1950-х гг.

2. Палітычная сістэма ў БССР у другой палове 1940 – першай палове 1950-х гг.

3. Адукацыя, навука і культура ў БССР у другой палове 1940 – першай палове 1950-х гг.

Летам 1944 г. на ўсёй тэрыторыі Беларусі была адноўлена бальшавіцкая ўлада. Паводле дагавору аб мяжы паміж СССР і ўтворанай у 1945 г. Польскай народнай рэспублікай 16 жніўня 1945 г. тэрыторыя Беласточчыны была аддадзена Польшчы. На працягу 1946-1955 гг. некалькі памежных вёсак, якія ўваходзілі ў склад БССР, былі перададзены Польшчы.

Аднаўленне эканамічнай сістэмы БССР у другой палове 1940 – першай палове 1950-х гг.

У выніку вайны і германскага акупацыйнага рэжыму эканоміка Беларусі панесла цяжкія страты:

- загінула звыш 2 млн. 200 тыс. чалавек;

- цалкам або часткова разбураны 209 гарадоў, 9200 сёл і вёсак;

- на 85% скарацілася колькасць прамысловых прадпрыемстваў, на 98% - электрастанцый, моцныя страты атрымаў транспарт;

- у сельскай гаспадарцы на 40% скараціліся пасяўныя плошчы, на 50% пагалоўе буйной рагатай жывёлы, на 61% - коней, на 89% - свіней, амаль цалкам знішчана аграрная тэхніка.

Аднаўленне эканомікі БССР уключае ў сябе два этапы:

1) 1943-1945 гг. (перыяд ва ўмовах вядзення вайны);

2) другая палова 1940-х – пачатак 1950-х гг. (пасляваенны перыяд).

Першы этап аднаўлення эканомікі характарызаваўся ў першую чаргу арганізацыяй прамысловасці, транспарту, сельскай гаспадаркі на патрэбы вядзення вайны. Таму ў гэтых умовах галоўная ўвага надавалася аднаўленню цяжкай прамысловасці і транспарту. Да асноўных вынікаў гэтага этапу належаць:

- увядзенне ў строй да мая 1945 г. 8 тыс. прамысловых прадпрыемстваў і 4 тыс. майстэрняў і арцеляў, аб’ём прадукцыі якіх складаў 20% ад даваеннага; асноўная ўвага пры гэтым надавалася наладжванню прадпрыемстваў па выпуску ваеннай прадукцыі;

- аднаўленне часткі чыгуначнага, аўтамабільнага транспарту, сродкаў сувязі, гідратэхнічных збудаванняў;

- частковая рээвакуацыя вывезеных прадпрыемстваў і абсталявання;

- аднаўленне каля 50% энергетычнай базы.

З заканчэннем Вялікай Айчыннай вайны пачынаецца другі этап аднаўлення эканомікі. Яго пачатак вызначыла пастанова Дзяржаўнага камітэта абароны СССР ад 26 мая 1945 г. “Аб мерапрыемтвах па перабудове прамысловасці ў сувязі са скарачэннем вытворчасці ўзбраенняў”. Аднаўленне эканомікі мела свае асаблівасці ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы.

Прамысловасць

Аднаўленне прамысловасці БССР у другой палове 1940-х – першай палове 1950-х гг. адбывалася хуткімі тэмпамі і суправаджалася аднаўленнем камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання эканомікі. Аднаўленне прамысловасці разглядалася як працяг індустрыялізацыі. Але калі да вайны галоўная ўвага надавалася лёгкай, дрэваапрацоўчай, харчовай вытворчасці, то з сярэдзіны 1940-х гг. ставілася задача стварэння ў БССР буйной цяжкай прамысловасці (машынабудавання, металаапрацоўкі, энергетыкі).

На ажыццяўленне дадзенай мэты выдзяляліся значныя сродкі з саюзнага бюджэту. Для аднаўлення старых і будаўніцтва новых прамысловых прадпрыемстваў з розных рэгіёнаў СССР у БССР накіроўваліся неабходнае абсталяванне, сыравіна, кваліфікаваныя рабочыя кадры. Крыніцы прамысловага будаўніцтва ў другой палове 1940-х – пачатку 1950-х гг. былі тыя ж, што і ў 1930-я гг. (перацягванне сродкаў з сельскай гаспадаркі, прымусовыя ўнутраныя пазыкі, даходы ад “лагернай эканомікі”, жорсткая эксплуатацыя рабочых). У разглядаемы перыяд з’явілася новая крыніца сродкаў на развіццё прамысловасці – рэпарацыі з краін, якія пацярпелі паражэнне ў Другой сусветнай вайне. Рэпарацыі спаганяліся ў трох формах:

- прамысловае абсталяванне;

- таварныя пастаўкі прадукцыі;

- праца ваеннапалонных і інтэрніраваных.

У выніку к канцу чацвёртай пяцігодкі (1950 г.) аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі павялічыўся на 15% у параўнанні з 1940 г. Былі цалкам адноўлены паліўна-энергетычная база прамысловасці і транспартная сістэма.

У другой палове 1940-х – пачатку 1950-х гг. істотна змянілася структура беларускай прамысловасці. Значна ўзрасла доля машынабудаўнічай і металаапрацоўчай вытворчасці, электраэнергетыкі. З’яўляюцца новыя буйныя прадпрыемствы: Мінскі трактарны завод, Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі мотавелазавод і інш. У БССР пачаўся масавы выпуск трактароў, аўтамабіляў, аўтапрычэпаў, веласіпедаў. У гэты перыяд пачынае фарміравацца спецыялізацыя БССР як “зборачнага цэха” ў эканоміцы СССР. У той жа час значна знізілася ўдзельная вага харчовай, тэкстыльнай, дрэваапрацоўчай вытворчасці (аб’ём прадукцыі вытворчасці ў гэтых галінах на пачатак 1950-х гг. заставаўся ніжэй узроўню 1940 г.).

Пасляваеннае аднаўленне эканомікі суправаджалася цяжкім матэрыяльным становішчам працоўных. Заработная плата была нізкай; шырока ўкаранялася стаханаўская сістэма; цяжкімі былі жыллёвыя ўмовы працоўных. Да 1947 г. існавала картачная сістэма размеркавання прадуктаў. Да канца 1940-х гг. дзейнічала крымінальная адказнасць за самавольны адыход з прадпрыемстваў, прагулы, спазненні на працу, што каралася да 5-8 гадоў пазбаўлення волі ў ГУЛАГу. З канца 1940-х гг. назіраецца некаторае павышэнне заработнай платы і пенсій, зніжэнне цэн, пэўнае паляпшэнне жыллёвых умоў. Аднак рэальная заработная плата працоўных на пачатку 1950-х гг. заставалася ніжэйшай у параўнанні з даваенным узроўнем.

Сельская гаспадарка

У сельскай гаспадарцы БССР пасляваеннага перыяду існавалі пэўныя рэгіянальныя адрозненні: Ва ўсходняй частцы была цалкам адноўлена калгасна-саўгасная сістэма; у заходняй – да канца 1940-х гг. пераважалі індывідуальныя сялянскія гаспадаркі.

Пасля сканчэння Вялікай Айчыннай вайны адбывалася паступовае аднаўленне сельскай гаспадаркі. Аднак адбывалася яно значна больш павольна, чым у прамысловасці. Па стане на 1950 г. пасяўныя плошчы ў параўнанні з даваенным узроўнем склалі 94,3%, пагалоўе буйной рагатай жывёлы – 96,5%, коней – 62%, свіней – 64,4%, авечак – 55%. На нізкім узроўні знаходзіліся ўраджайнасць, прадукцыйнасць жывёлы. Прычынамі маруднага развіцця сельскай гаспадаркі з’яўляліся:

- значны недахоп тэхнікі, працоўнай жывёлы, а таксама кваліфікаваных працоўных кадраў у калгасах і саўгасах;

- нізкая матэрыяльная дапамога з боку дзяржавы;

- правядзенне ў вялікіх аб’ёмах абавязковых паставак сельскагаспадарчай прадукцыі дзяржаве па заніжаных закупачных коштах;

- адсутнасць матэрыяльнай зацікаўленасці ў выніках працы з боку калгаснікаў, якія ў асноўнай масе працавалі бясплатна.

Сацыяльна-эканамічнае і прававое становішча калгаснікаў у разглядаемы перыяд характарызавалася наступнымі рысамі:

- надзвычай нізкі ўзровень аплаты працы (на 1948 г. толькі 6% калгаснікаў атрымлівалі грашовую зарплату; астатнія атрымлівалі або намінальную натуральную плату або зусім нічога);

- адсутнасць пашпартоў, пенсійнага забеспячэння, сацыяльнага страхавання;

- рэпрэсіі за парушэнні калгаснага парадку:

у 1947 г. быў адноўлены даваенны “закон аб трох каласках”;

у 1948 г. выдадзены закон, які прадугледжваў высяленне ў аддаленыя раёны дзяржавы на тэрмін да 8 гадоў тых калгаснікаў, якія ўхіляліся ад працы.

У дадзеных умовах фактычна адзінай крыніцай існавання калгаснікаў станавілася падсобная гаспадарка. Аднак асабістыя гаспадаркі павінны былі выконваць абавязковыя пастаўкі дзяржаве пэўнай колькасці малака, мяса, яек і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама былі абкладзены вялікімі грашовымі падаткамі. Невыкананне паставак і нявыплата падаткаў караліся вялікімі штрафамі. У выніку многія сем’і калгаснікаў знаходзіліся ў стане напаўгалоднага існавання.

З 1950 г. пачала праводзіцца палітыка аб’яднання дробных калгасаў у буйныя, а таксама перасялення сельскіх жыхароў з дробных вёсак і хутароў у буйныя пасёлкі.

У заходняй частцы БССР на мяжы 1940-1950-х гг. была праведзена масавая калектывізацыя. Яна праводзілася тымі ж сродкамі і метадамі, што і на ўсходзе ў 1930-я гг. Аднак яна была праведзена больш хутка, чым на ўсходзе. Калі на пачатку 1949 г. у калгасах знаходзілася 6,8% заходнебеларускіх сялян, то на канец 1952 г. – 95%. Калектывізацыя ў Заходняй Беларусі суправаджалася “раскулачваннем”: толькі ў 1952 г. у Казахстан і Сібір было выселена каля 10 тыс. сялянскіх сем’яў.

Такім чынам, на працягу другой паловы 1940-х – пачатку 1950-х гг. адбывалася аднаўленне разбуранай падчас Вялікай Айчыннай вайны эканомікі. Хуткімі тэмпамі адбывалася развіццё прамысловасці, што суправаджалася фарміраваннем новых яе галін: машынабудавання, металаапрацоўкі. Марудна праходзіла аднаўленне сельскай гаспадаркі, што тлумачылася шэрагам фактараў, у першую чаргу падпарадкаваным становішчам аграрнага сектара ў адносінах да прамысловасці ва ўмовах камандна-адміністрацыйнай сістэмы.

 

Палітычная сістэма ў БССР у другой палове 1940 – першай палове 1950-х гг.

Завяршэнне Вялікай Айчыннай вайны суправаджалася аднаўленнем таталітарнага палітычнага рэжыму ў БССР. Галоўную ролю ў яго ўмацаванні адыгрывала партыйная вертыкаль улады; ёй падпарадкоўваліся органы дзяржаўнай улады, якія дзейнічалі паралельна з партыйнымі. Рашэнні партыйных арганізацый з’яўляліся абавязковымі не толькі для ніжэйшых арганізацый партыі, але і для ўсіх дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый.

З 1952 г. ВКП(б) была перайменавана ў Камуністычную партыю Савецкага саюза (КПСС), а КП(б)Б – у Камуністычную партыю Беларусі (КПБ). Адбываўся хуткі колькасны рост шэрагаў КПБ: з 48 тыс. чалавек у 1946 г. да 145 тыс. – у 1956 г. Хуткі рост партыі вызначаўся яе элітарным статусам: партыйнае членства з’яўлялася абавязковай умовай кар’ернага росту на дзяржаўнай службе, а таксама крыніцай некаторых сацыяльных прывілеяў. Унутры партыі ўмацоўваецца жорсткі цэнтралізм, камандна-іерархічны прынцып узаемаадносін паміж партыйнымі арганізацыямі.

Разам з аднаўленнем партыйных арганізацый пасля Вялікай Айчыннай вайны аднаўляецца дзейнасць фармальных органаў улады – Саветаў і іх выканаўчых камітэтаў. Таксама адбывалася адраджэнне камсамола, прафсаюзаў і іншых афіцыйных грамадскіх арганізацый. У 1948 г. быў створаны Беларускі рэспубліканскі савет прафсаюзаў, а таксама яго абласныя саветы і галіновыя камітэты. Грамадска-палітычнае жыццё другой паловы 1940-х – пачатку 1950-х гг. характарызавалася бязмежным узрастаннем культу асобы І. Сталіна. Вялізнымі тыражамі выходзілі працы І. Сталіна, ствараліся тысячы гурткоў па засваенню біяграфіі І. Сталіна, праводзіліся масавыя сходы і мітынгі для ўшанавання І. Сталіна.

Партыйна-дзяржаўныя ўлады ў БССР у разглядаемы перыяд жорстка кантраляваліся ў сваёй дзейнасці саюзным кіраўніцтвам. Яно ажыццяўляла прызначэнне на галоўныя кіруючыя пасады ў рэспубліцы. Пры гэтым перавага аддавалася кадрам з іншых саюзных рэспублік. Першымі сакратарамі ЦК КПБ гэтага перыяду з’яўляліся:

П.К. Панамарэнка (1938-1947);

М.І. Гусараў (1947-1950);

М.С. Патолічаў (1950-1956).

Усе яны да свайго прызначэння на дадзеныя пасады не мелі ніякага дачынення да Беларусі.

У той жа час у гэты перыяд БССР пачынае фармальна выступаць як суб’ект міжнароднай палітыкі. У 1945 г. БССР становіцца адной з краін-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН). БССР была прынятая ў гэтую арганізацыю разам з Украінскай ССР у знак прызнання значных людскіх і матэрыяльных страт, панесеных Беларуссю і Украінай у вайне з фашызмам. У 1944 г. ва ўрадзе БССР быў створаны Народны камісарыят (з 1946 г. Міністэрства) замежных спраў. Членства БССР у ААН адкрыла для яе перпектыву далучэння да дзейнасці шэрагу спецыялізаваных міжнародных устаноў: Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Міжнароднай арганізацыі працы, Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА) і інш., удзеле ў праграмах ААН. БССР прымала ўдзел у заключэнні мірных дагавораў з краінамі, якія ваявалі з СССР у Другой сусветнай вайне. Яна атрымлівала ў 1946-1947 гг. матэрыяльную дапамогу па праграме Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый (ЮНРРА).

Разам з тым адсутнічала заканадаўчае размежаванне паўнамоцтваў у знешнепалітычнай сферы паміж СССР і саюзнымі рэспублікамі. Фактычна уся міжнародная дзейнасць урада БССР строга кантралявалася саюзнымі органамі ўлады. Адмоўны ўплыў на развіццё міжнародных кантактаў БССР меў пачатак “халоднай вайны” паміж СССР і заходнімі дзяржавамі на чале з ЗША. Фактычна вырашальнай акалічнасцю, якая абумовіла ўвядзенне знешнепалітычных функцый для ўрадаў БССР і іншых саюзных рэспублік, з’яўляўся палітычны разлік кіраўніцтва СССР у выкарыстанні іх для ўмацавання міжнароднага ўплыву.

Значнай з’явай грамадска-палітычнага жыцця БССР другой паловы 1940-х – пачатку 1950-х гг. было правядзенне масавых рэпатрыяцый насельніцтва. У Беларусь, згодна з міжнароднымі пагадненнямі, вярталіся былыя ваеннапалонныя, асобы, прымусова вывезеныя на працу ў Германію, былыя калабаранты. Многія з іх скіроўваліся ў спецлагеры НКВД і лагеры ГУЛАГ. Паводле пагаднення паміж урадамі БССР і Польшчы 1944 г. праводзілася перасяленне асоб, якія дэкларавалі сябе палякамі, з БССР у Польшчу і асоб беларускай нацыянальнасці – з Польшчы ў БССР. У выніку на працягу 1944-1948 гг. з БССР у Польшчу выехала 274 тыс. чалавек, а ў БССР перасялілася з Польшчы 36 тыс.

Умацаванне таталітарнага рэжыму суправаджалася працягам палітыкі рэпрэсій. Хваля масавых рэпрэсій пракацілася ў БССР у 1944-1947 гг.: яна была скіравана супраць былых калабарантаў, а таксама тых, хто падазраваўся, часта беспадстаўна, у супрацоўніцтве з германскімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У далейшым рэпрэсіі закранулі розныя слаі насельніцтва, пераважна сялян, якіх абвяшчалі “кулакамі”, інтэлігенцыю, духавенства. На пачатак 1950-х гг. у сістэме ГУЛАГа знаходзілася звыш 100 тыс. жыхароў Беларусі. Рэпрэсіі закранулі і многіх кіруючых работнікаў. З канца 1940-х гг. праводзілася афіцыйная кампанія барацьбы з “касмапалітызмам”, накіраваная перадусім супраць інтэлігенцыі. У краіне панавала атмасфера страху, падазронасці; масавай з’явай сталі даносы.

Палітыка сталінскага рэжыму выклікала супраціўленне з боку розных слаёў насельніцтва, асабліва часткі сялян і інтэлігенцыі. Антыўрадавы рух ажыццяўляўся ў двух формах: узброенай і мірнай.

Узброены антыўрадавы рух уключаў у сябе некалькі плыняў:

- фарміраванні, якія арыентаваліся на стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы (дзейнічалі пераважна ў заходняй частцы БССР);

- польскае падполле, галоўнай сілай якога выступала Армія Краёва, якое арыентавалася на аднаўленне польскай дзяржавы ў межах 1939 г. (дзейнічала ў заходняй частцы БССР);

- фарміраванні Украінскай паўстанцкай арміі, якія арыентаваліся на стварэнне незалежнай украінскай дзяржавы з уваходжаннем у яе склад тэрыторыі Палесся (дзейнічалі на поўдні БССР);

- літоўскія фарміраванні, якія арыентаваліся на стварэнне незалежнай літоўскай дзяржавы з уключэннем у яе склад шэрагу паўночна-заходніх тэрыторый Беларусі (дзейнічалі ў паўночна-заходняй частцы БССР);

- узброеныя фарміраванні без пэўнай палітычнай арыентацыі; нярэдка іх дзейнасць мела паўкрымінальны або чыста крымінальны характар.

Узброеныя антыўрадавыя арганізацыі праводзілі дыверсійныя акцыі, ажыццяўлялі тэрарыстычныя акты супраць прадстаўнікоў улады, займаліся антыўрадавай прапагандай, часамі ўступалі ва ўзброеныя сутычкі з міліцыяй. Некаторыя з іх падтрымлівалі сувязь з выведкамі заходніх краін. Аднак у выніку дзеянняў органаў дзяржаўнай бяспекі і міліцыі да сярэдзіны 1950-х гг. узброеныя антыўрадавыя фарміраванні былі цалкам ліквідаваны.

У той жа час у другой палове 1940-х – пачатку 1950-х гг. на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі падпольныя арганізацыі, якія арыентаваліся на мірныя формы барацьбы са сталінскім рэжымам. Яны ствараліся амаль выключна прадстаўнікамі студэнцкай і вучнёўскай моладзі. У 1946-1947 гг. дзейнічалі падпольныя арганізацыі ў Баранавічах, Брэсце, Слоніме, Жыровічах, Ганцавічах, якія аб’ядноўваў Цэнтр беларускага вызваленчага руху. У 1946-1947 гг. сярод навучэнцаў педагагічных вучылішчаў Глыбокага і Пастаў існавала падпольная арганізацыя Саюз беларускіх патрыётаў; у 1947 г. у Мінску, Маладзечанскай і Пінскай абласцях дзейнічала група “Свабодная Беларусь” і інш. Дадзеныя арганізацыі, выступалі за стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы, развіццё беларускай мовы і культуры, дэмакратызацыю грамадска-палітычнага жыцця. Яны праводзілі антыўрадавую прапаганду сярод насельніцтва, пераважна моладзі, аднак, пры гэтым адмаўлялі ўзброеныя метады барацьбы. Да пачатку 1950-х гг. усе падпольныя арганізацыі былі выкрыты органамі дзяржбяспекі, а іх удзельнікі асуджаны на вялікія тэрміны пазбаўлення волі ў лагерах ГУЛАГ.

Такім чынам, другая палова 1940-х – пачатак 1950-х гг. характарызаваліся ўмацаваннем таталітарнага рэжыму ў БССР. Узмацнялася цэнтралізаваная іерархічная партыйна-дзяржаўная сістэма ўлады, якая шырока выкарыстоўвала палітычныя рэпрэсіі і паспяхова падаўляла антыўрадавы рух. Разам з тым у дадзены перыяд БССР атрымлівае фармальны статус суб’екта міжнародных адносін, пачынае ажыццяўляць у абмежаваных маштабах знешнепалітычную дзейнасць.

 

Адукацыя, навука і культура ў БССР у другой палове 1940 – першай палове 1950-х гг.

На працягу разглядаемага перыяду адбывалася аднаўленне сеткі адукацыйных устаноў, разбуранай падчас вайны. У 1950 г. у БССР налічвалася 11767 агульнаадукацыйных школ, у якіх навучалася каля 1,5 млн. вучняў. Характэрнымі тэндэнцыямі гэтага перыяду з’яўляліся:

- павелічэнне ўдзельнай вагі сямігадовых і сярэдніх; да сярэдзіны 1950-гг. было ў асноўным рэалізавана ўсеагульнае сямігадовае навучанне;

- паляпшэнне якасці настаўніцкіх кадраў (колькасць настаўнікаў з вышэйшай адукацыяй павялічылася за 1944-1955 гг. з 20% да 50%);

- русіфікацыя школьнай адукацыі (так, калі ў Мінску ў 1944 г. з 28 школ 14 былі беларускамоўнымі, то ў 1952 г. толькі 9 з 46 школ);

- узмацненне сувязі навучання з прапагандай сталінісцкай ідэалогіі.

Адбывалася развіццё прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Колькасць тэхнікумаў і вучылішчаў за 1944-1955 гг. павялічылася з 66 да 123; колькасць асоб з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй дасягнула к 1957 г. 131 тыс. чалавек.

У той жа час у развіцці агульнаадукацыйных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў істотным недахопам з’яўлялася слабая матэрыяльна-тэхнічная база.

На працягу другой паловы 1940-х – першай паловы 1950-х гг. ішло паступовае развіццё сістэмы вышэйшай адукацыі. Колькасць асоб з вышэйшай адукацыяй у БССР павялічылася за 1941-1957 гг. з 27,7 тыс. да 83,5 тыс. чалавек.

У складаных умовах аднаўлялася дзейнасць навуковых устаноў. У 1950 г. у БССР працавала 77 навуковых устаноў, з іх 28 – у Акадэміі навук. Усяго ў 1954 г. у БССР працавала 4,1 тыс. навуковых работнікаў, з іх 125 дактароў і 1354 кандыдаты навук. З’яўленне новых галін гаспадаркі ў пасляваенны час прывяло да развіцця разам з традыцыйнымі ў Беларусі галінамі навук – сельскагаспадарчымі, сацыяльна-гуманітарнымі – фізікі, хіміі, матэматыкі, тэхнічных навук.

У той жа час істотным тормазам для развіцця навукі з’яўляўся жорсткі партыйна-дзяржаўны ідэалагічны кантроль і рэпрэсіі ў дачыненні навукоўцаў. Пры гэтым ідэалогія марксізму-ленінізму распаўсюджвалася не толькі на грамадскія, але і на прыродазнаўчыя навукі. Так, была абвешчана ілжэнавукай генетыка; у Інстытуце біялогіі Акадэміі навук у 1947-1948 гг. ліквідаваны адпаведны аддзел, а дзеячы дадзенай навуковай дысцыпліны звольнены, у тым ліку прэзідэнт АН БССР А. Жэбрак.

У найбольшай ступені кантроль таталітарнага рэжыму праяўляўся ў мастацкай культуры, дзе працягваў далейшае развіццё стыль “сацыялістычнага рэалізму”.

Літаратурныя творы разглядаемага перыяду вызначаліся бесканфліктнасцю і ідэалізацыяй савецкага ладу, усхваленнем І. Сталіна. Галоўнай тэмай беларускай літаратуры становяцца падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Аднак іх адлюстраванне з’яўлялася павярхоўным, героіка-парадным. Творчасць беларускіх паэтаў, пісьменнікаў і драматургаў падлягала строгай цэнзуры. Найбольш значнымі прадстаўнікамі беларускай мастацкай літаратуры гэтага перыяду былі К. Крапіва, А. Куляшоў, М. Лынькоў, І. Мележ, М. Танк і інш. У той жа час шматлікія беларускія літаратары былі рэпрэсіраваны ў другой палове 1940-х – пачатку 1950-х гг. (А.Александровіч, Л. Геніюш, С.Грахоўскі, А.Звонак, С.Шушкевіч і інш.).

Паступова развівалася ў БССР у гэты перыяд тэатральнае мастацтва. Аднавілі пасля вайны сваю дзейнасць Беларускі драматычны тэатр імя Я. Купалы, Беларускі дзяржаўны тэатр імя Я. Коласа, Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета БССР і інш. Аднак разам з тым адчуваўся значны ўціск таталітарнага рэжыму. Калі ў 1945 гг. у БССР працавала 12 тэатраў, то ў 1950 г. іх засталося толькі 8. У тэатральнай сферы праводзілася кампанія “ачышчэння” рэпертуару ад замежных твораў. Узмацнілася цэнзура над рэпертуарам тэатральных пастановак.

Пасля завяршэння вайны назіраецца развіццё музычнага мастацтва. З эвакуацыі вярнуліся Беларускі ансамбль песні і танца, Дзяржаўная харавая капэла БССР, пачалі функцыянаваць оперны тэатр, кансерваторыя, Белдзяржэстрада, Дзяржаўны народны аркестр БССР, Дзяржаўны сімфанічны аркестр БССР. У 1952 г. створаны Дзяржаўны народны хор БССР на чале з Г. Цітовічам. У сімфанічнай і інструментальнай музыцы атрымалі вядомасць кампазітары М. Аладаў, А. Багатыроў, Я. Глебаў, Дз. Лукас, Р. Пукст, Я. Цікоцкі і інш.

У жывапісе разглядаемага перыяду стыль “сацыялістычнага рэалізму” праявіўся перадусім у стварэнні карцін, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны (В. Волкаў, І. Давідовіч, Я. Зайцаў, В. Хрусталёў, Я. Ціхановіч і інш.), індустрыяльна-калгаснаму будаўніцтву (Г. Бржазоўскі, К. Касмачоў і г.д.). Значнае месца займае таксама пейзажны жанр (В. Бялыніцкі-Біруля, Д. Дурчын, В. Кудрэвіч, В. Цвірка і інш.).

Скульптурнае мастацтва пасляваеннага перыяду адзначаецца стварэннем ансамбляў, кампазіцый, груп і бюстаў, вытрыманых у духу “сацыялістычнага рэалізму”. Сярод найбольш вядомых скульптараў гэтага часу варта адзначыць З. Азгура, А. Бембеля, А. Глебава, С. Селіханава і інш.

Пасляваенная архітэктура адзначаецца манументалізмам (кампазіцыі праспекта Ф. Скарыны, Прывакзальнай плошчы). Пануе так званы імперскі стыль – сталінскі ампір.

Такім чынам, у 1930-я гг. ва ўмовах паскоранай мадэрнізацыі грамадства назіраўся працэс значнага развіцця адукацыі, навукі і розных галін культуры. Разам з тым усталяванне таталітарнага рэжыму істотным чынам тармазіла дадзены працэс у выніку правядзення масавых рэпрэсій супраць інтэлігенцыі, а таксама жорсткага дзяржаўнага кантролю ва ўсіх падсістэмах духоўнай сферы жыцця грамадства.

Асноўныя паняцці:

Аднаўленне эканомікі, буйная цяжкая прамысловасць, рэпарацыі, Мінскі трактарны завод, Мінскі аўтамабільны завод, “зборачны цэх”, калектывізацыя ў Заходняй Беларусі, Камуністычная партыя Савецкага саюза, Камуністычная партыя Беларусі, Беларускі рэспубліканскі савет прафсаюзаў, культ асобы І. Сталіна, Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, Міністэрства замежных спраў, “халодная вайна”, рэпатрыяцыя, Цэнтр беларускага вызваленчага руху, Саюз беларускіх патрыётаў, сталінскі ампір.

 

Кантрольныя пытанні і заданні:

1. Якія тэрытарыяльныя змены адбыліся ў БССР пасля Вялікай Айчыннай вайны? Падумайце, чым можна патлумачыць гэтыя змены?

2. Якія этапы можна вылучыць ў пасляваенным аднаўленні эканомікі БССР? У чым спецыфіка гэтых этапаў?

3. Чым характарызуецца аднаўленне прамысловасці БССР у другой палове 1940-х – пачатку 1950-х гг.?

4. Якія структурныя змены адбыліся ў прамысловасці БССР у пасляваеннае дзесяцігоддзе? Дайце кароткую характарыстыку дадзеных змен.

5. Ахарактарызуйце матэрыяльнае становішча працоўных у прамысловасці ў пасляваенны перыяд.

6. Укажыце, у чым выяўлялася спецыфіка аднаўлення сельскай гаспадаркі ў пасляваенны перыяд?

7. Вызначце асноўныя прычыны маруднага развіцця сельскай гаспадаркі ў пасляваенны перыяд?

8. Паспрабуйце даць агульную характарыстыку сацыяльна-эканамічнага і прававога становішча калгаснікаў у БССР у другой палове 1940-х – пачатку 1950-х гг. Падумайце, ці можна вызначыць працу калгаснікаў як паднявольную?

9. Якую ролю ў структуры сельскагаспадарчай вытворчасці мелі асабістыя гаспадаркі калгаснікаў?

10. Калі была праведзена калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў заходняй частцы БССР? Параўнайце яе з калектывізацыяй на ўсходзе БССР у 1930-я гг.

11. Паспрабуйце растлумачыць, чаму бальшавіцкія ўлады ў пасляваенны перыяд галоўнай задачай ставілі аднаўленне прамысловасці і значна менш увагі надавалі развіццю сельскай гаспадаркі?

12. Якія з’явы сведчаць пра ўмацаванне таталітарнага рэжыму ў БССР у пасляваенны перыяд? Дайце кароткую характарыстыку.

13. Якія асноўныя рысы характарызуюць дзейнасць камуністычнай партыі ў БССР у пасляваенны перыяд? Якую ролю выконвала партыя ў сістэме ўлады?

14. Падумайце, чаму сталінскія ўлады пры прызначэнні на вышэйшыя пасады партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва ў БССР не аказвалі даверу мясцовым кадрам, а накіроўвалі чыноўнікаў з іншых саюзных рэспублік?

15. Калі БССР пачынае выступаць у якасці суб’екта міжнароднай палітыкі? У чым гэта адлюстоўвалася?

16. Падумайце, ці можна разглядаць БССР як самастойны суб’ект міжнароднай палітыкі? Чаму кіраўніцтва СССР выступіла ў сярэдзіне 1940-х гг. за наданне ўраду БССР знешнепалітычных функцый?

17. Дайце кароткую характарыстыку рэпатрыяцый, праводзімых у БССР у пасляваенны перыяд. Чым можна патлумачыць вялікую колькасць асоб, якія выехалі з БССР у Польшчу ў 1944-1948 гг.?

18. Дайце агульную характарыстыку палітычных рэпрэсій сталінізму ў другой палове 1940-х – пачатку 1950-х гг.? Якія сацыяльныя слаі насельніцтва найбольш пацярпелі ад рэпрэсій?

19. Якія формы антыўрадавага руху Вам вядомыя на тэрыторыі БССР у другой палове 1940-х – пачатку 1950-х гг.? Чым можна абумовіць развіццё і разгром дадзенага руху?

20. Якія падпольныя арганізацыі дзейнічалі ў БССР у другой палове 1940-х гг.? Якімі былі іх сацыяльны склад і палітычныя мэты?

21. Якія рысы характарызавалі змены ў сістэме адукацыі БССР у пасляваенны перыяд?

22. У межах якіх устаноў адбывалася развіццё навукі ў БССР у другой палове 1940-х – першай палове 1950-х гг.? Ахарактарызуйце ў цэлым развіццё беларускага навукі дадзенага перыяду.

23. Якую ролю выконваў “сацыялістычны рэалізм” у развіцці мастацкай культуры БССР пасляваеннага перыяду?

 

Тэмы дакладаў і рэфератаў:

1. Стварэнне буйнога машынабудавання ў БССР у пасляваенны перыяд.

2. Калгасная вёска ў БССР (другая палова 1940-х гг. – пачатак 1950-х гг.).

3. Калектывізацыя ў Заходняй Беларусі: сутнасць, ход, вынікі.

4. Рэпатрыяцыі беларускага насельніцтва ў пасляваенны перыяд.

5. Удзел БССР у фарміраванні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

6. Рэпрэсіі дзеячоў культуры БССР у пасляваенны перыяд.

 

 


Читайте також:

  1. Адукацыя, навука, культура БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.
  2. Адукацыя, навука, культура БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.
  3. Барацьба з крыжацкай агрэсіяй і нашэсцем мангола-татар у першай палове ХШ ст.
  4. Беларусь у гады першай сусветнай вайны.
  5. Беларусь у Першай сусветнай вайне.
  6. В17. Унутрыпалітычнае становішча ВКЛ у апошняй чвэрці XIV – першай палове XV ст.
  7. ВОПРОС23:Сацыяльна-эканамічнае становішча беларускіх зямель у другой палове XVI-XVIII ст.
  8. Гарады, рамяство і гандаль у 17 – першай палове 18 стст.
  9. Гарады, рамяство і гандаль у 17 – першай палове 18 стст.
  10. Грамадска-палітычны рух на беларускіх землях у другой палове 1810-1820-я гг.
  11. Грамадска-палітычны рух на беларускіх землях у другой палове 1810-1820-я гг.
  12. Лібералізація тоталітарної системи у 1950-х – 1960-х рр.




Переглядів: 2497

<== попередня сторінка | наступна сторінка ==>
Нямецка-фашысцкі акупацыйны рэжым у Беларусі (1941-1944). | Адукацыя, навука, культура БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.

Не знайшли потрібну інформацію? Скористайтесь пошуком google:

  

© studopedia.com.ua При використанні або копіюванні матеріалів пряме посилання на сайт обов'язкове.


Генерація сторінки за: 0.025 сек.