Студопедия
Новини освіти і науки:
МАРК РЕГНЕРУС ДОСЛІДЖЕННЯ: Наскільки відрізняються діти, які виросли в одностатевих союзах


РЕЗОЛЮЦІЯ: Громадського обговорення навчальної програми статевого виховання


ЧОМУ ФОНД ОЛЕНИ ПІНЧУК І МОЗ УКРАЇНИ ПРОПАГУЮТЬ "СЕКСУАЛЬНІ УРОКИ"


ЕКЗИСТЕНЦІЙНО-ПСИХОЛОГІЧНІ ОСНОВИ ПОРУШЕННЯ СТАТЕВОЇ ІДЕНТИЧНОСТІ ПІДЛІТКІВ


Батьківський, громадянський рух в Україні закликає МОН зупинити тотальну сексуалізацію дітей і підлітків


Відкрите звернення Міністру освіти й науки України - Гриневич Лілії Михайлівні


Представництво українського жіноцтва в ООН: низький рівень культури спілкування в соціальних мережах


Гендерна антидискримінаційна експертиза може зробити нас моральними рабами


ЛІВИЙ МАРКСИЗМ У НОВИХ ПІДРУЧНИКАХ ДЛЯ ШКОЛЯРІВ


ВІДКРИТА ЗАЯВА на підтримку позиції Ганни Турчинової та права кожної людини на свободу думки, світогляду та вираження поглядів



Нямецка-фашысцкі акупацыйны рэжым у Беларусі (1941-1944).

У выніку акупацыі тэрыторыі Беларусі нямецка-фашысцкімі войскамі былі ліквідаваны ўсе інстытуты ранейшай ўлады і створана новая сістэма органаў улады. Тэрыторыя Беларусі ўключана ў склад некалькіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных утварэнняў:

Беласточчына і Гродзеншчына былі непасрэдна далучаны да “Трэцяга рэйха”;

паўднёвая частка Беларусі разам з гарадамі Брэст, Пінск, Мазыр уключана ў склад рэйхскамісарыята “Украіна”;

цэнтральная і частка заходняй Беларусі ўключаны ў склад рэйхскамісарыята “Остланд” з цэнтрам у Рызе; гэты рэйхскамісарыят падзяляўся на некалькі генеральных акруг: некаторыя раёны паўночна-заходняй Беларусі далучаны да генеральнай акругі “Літва”; на астатняй тэрыторыі ўтворана генеральная акруга “Беларусь”, якая складала каля 1/3 тэрыторыі БССР і падзялялася на 11 акруг;

усходняя частка Беларусі ўваходзіла ў склад тылу групы армій “Цэнтр”.

На акупіраваных тэрыторыях была створана новая сістэма ўлады. У рэйхскамісарыятах і генеральных акругах утваралася грамадзянская адміністрацыя. Вышэйшым органам улады ў генеральнай акрузе з’яўляўся генеральны камісарыят на чале з гаўляйтэрам (у генеральнай акрузе “Беларусь” гэтую пасаду займалі В. Кубэ (1941-1943), К. фон Готберг (1943-1944). Генеральныя акругі падзяляліся на акругі і раёны, дзе вярхоўная ўлада належала адпаведна гебітскамісарыятам і артскамісарыятам. У гарадах галоўнымі органамі ўлады станавіліся штатскамісарыяты. Адміністрацыйны апарат складаўся ў асноўным з нямецкіх грамадзянскіх служачых. У якасці дапаможных мясцовых устаноў ствараліся гарадскія і раённыя ўправы на чале з начальнікам раёна або бургамістрам горада. У воласці прызначаліся валасныя старшыні, а ў вёсцы – старасты. Работу раённых, валасных упраў і стараст вёсак накіроўвалі і кантралявалі спецыяльна прызначаныя германскія чыноўнікі – “камісары”, “каменданты”, “зондэрфюрэры” і г.д.

У тыле армій “Цэнтр” адміністрацыйныя функцыі выконвалі армейскія палявыя і мясцовыя камендатуры, якія надзяляліся ўсёй паўнатой улады ў зоне сваёй дзейнасці. Пры іх дзейнічалі мясцовыя грамадзянскія ўлады.

Узброенай асновай акупацыйнага рэжыму з’яўляліся вайсковыя гарнізоны – ахоўныя дывізіі, а таксама каманды жандармерыі, групы тайнай палявой паліцыі, служба бяспекі СД. Асаблівае месца ў сістэме сілавых органаў нямецка-фашысцкага рэжыму мелі аператыўныя групы СС, якія непасрэдна падпарадкоўваліся ўладам ў Берліне; іх асноўныя функцыі палягалі ў правядзенні карных акцый і знішчэнні яўрэйскага насельніцтва. Дапаможную ролю ў падтрымцы акупацыйнага рэжыму мела паліцыя, створаная з мясцовых жыхароў. Агульная колькасць ваенна-паліцэйскіх сіл на тэрыторыі Беларусі дасягала 160 тыс. чалавек.

Палітыка германскіх улад на тэрыторыі Беларусі была накіравана на максімальнае выкарыстанне людскіх і матэрыяльных рэсурсаў краю ў ваенна-гаспадарчых мэтах. Акрамя таго ставілася задача стварэння ўмоў для паступовай германізацыі Беларусі і яе зліцця з “Трэцім рэйхам”. Напярэдадні вайны у Мінітэрстве акупіраваных зямель Германіі быў распрацаваны план “Ост”, у адпаведнасці з якім прадугледжвалася знішчэнне каля 25% насельніцтва Беларусі (перадусім яўрэяў), 25% - павінна было быць пераселена за Урал, астатняе насельніцтва меркавалася выкарыстоўваць у якасці рабочай сілы на месцы або ў Германіі.

Эканоміка беларускіх зямель была цалкам падпарадкавана германскімі ўладамі патрэбам вядзення вайны. Для кіравання эканомікай акупіраваных тэрыторый СССР у Берліне быў створаны спецыяльны штаб “Ост”, які ўяўляў з сябе шматлікія спецыяльныя гаспадарчыя каманды, інспекцыі, атрады для збору сродкаў вытворчасці, а таксама 17 спецыяльных дзяржаўных і прыватных кампаній. Гэтыя арганізацыі праводзілі рэквізіцыі сельскагаспадарчай прадукцыі, нарыхтоўкі сыравіны, кіравалі дзейнасцю прамысловых прадпрыемстваў.

У перыяд германскай акупацыі на тэрыторыі Беларусі працавала каля 60 прамысловых прадпрыемстваў з колькасцю рабочых звыш 30 чалавек, а таксама значная колькасць дробных і рамесна-саматужных прадпрыемстваў. Большасць асноўных прадпрыемстваў апынулася ў руках германскіх дзяржаўных і акцыянерных арганізацый. Адбывалася пераарыентацыя прамысловых прадпрыемстваў на выпуск прадукцыі ваеннага прызначэння. Аднак прамысловая вытворчасць знаходзілася ў крызіным стане з-за недахопу сыравіны і працоўнай сілы. Акупацыйныя ўлады ўвялі прымусовую працоўную мабілізацыю ў прамысловасці, абавязковы ўлік беспрацоўных на біржах працы. Матэрыяльнае становішча рабочых значна пагоршылася: працоўны дзень складаў 10-12 гадзін у суткі, частай з’явай з’яўляліся звышурочныя работы, зарплата была мізэрнай, адбываўся рост цэн, устанаўліваліся высокія падаткі для насельніцтва. У гарадах уводзілася картачная сістэма; распаўсюджваліся такія з’явы як голад і эпідэміі. Акупацыйныя ўлады дазвалялі дробнае прыватнае прадпрымальніцтва, аднак на практыцы яго рэалізацыя была абмежаванай.

У сельскай гаспадарцы ўсходняй Беларусі былі захаваны калгасы і саўгасы, якія перайменоўваліся ў абшчынныя гаспадаркі і дзяржаўныя маёнткі. Калгасная сістэма ўяўлялася больш прыдатнай для выкарыстання сельскагаспадарчых рэсурсаў. У заходняй частцы Беларусі нешматлікія калгасы, утвораныя ў 1939-1941 гг., былі распушчаны. Вярталіся землі і маёмасць, канфіскаваныя ў 1939-1941 гг., былым уласнікам (аднак на зямельныя ўладанні плошчай звыш 60 га права прыватнай уласнасці не аднаўлялася, былыя гаспадары лічыліся толькі адміністратарамі сваіх маёнткаў). У 1942-1943 гг. выдаваліся распараджэнні аб аднаўленні прыватнай уласнасці на зямлю ва ўсходняй Беларусі. Аднак на практыцы аднаасабных прыватных гаспадарак было створана мала. Сялянскія гападаркі былі абкладзены вялікімі натуральнымі і грашовымі падаткамі. Акупанты ў шырокіх маштабах праводзілі рэквізіцыі і адкрытае рабаванне сельскагаспадарчай прадукцыі. За невыкананне абавязковых паставак прадукцыі прадугледжваліся жорсткія пакаранні. Гэта прывяло да значнага падзення сельскагаспадарчай вытворчасці ў Беларусі.

У шырокіх маштабах гітлераўскія ўлады прымусова вывозілі мясцовае насельніцтва на рабскую працу ў Германію. У 1941-1944 гг. на прымусовыя работы было вывезена каля 380 тыс. чалавек.

Для застрашэння мясцовага насельніцтва і барацьбы з антыфашысцкім рухам акупацыйны рэжым праводзіў палітыку масавых рэпрэсій. На тэрыторыі Беларусі было створана 260 канцэнтрацыйных лагераў, у якіх без суда і вызначэння тэрмінаў зняволення знаходзіліся дзесяткі тысяч чалавек. Яны падзяляліся на лагеры для ваеннапалонных (дулагі, шталагі, афлагі) і для цывільнага насельніцтва (працоўныя лагеры СД, перасыльныя лагеры СС, жаночыя лагеры, штрафныя лагеры). Яўрэйскае насельніцтва змяшчалася ў асобыя лагеры – гета. Найбольш цяжкім злачынствам нацызму стаў Халакост – масавае знішчэнне яўрэйскага насельніцтва ў канцэнтрацыйных лагерах. Буйнейшым лагерам на тэрыторыі Беларусі з’яўляўся Трасцянец каля Мінска, у якім падчас акупацыі было знішчана 206,5 тыс. чалавек. Вялікія лагеры смерці былі створаны паблізу станцый Лясная і Бронная гара на Брэстчыне, Грэбенеўскі ў Магілёве, Баравуха каля Полацка.

У зонах актыўнага партызанскага руху нацысты праводзілі карныя экспедыцыі, якія суправаджаліся масавым знішчэннем насельніцтва і населеных пунктаў. На працягу 1941-1944 гг. было ажыццёўлена 140 карных экспедыцый, падчас якіх спалена разам з жыхарамі 628 вёсак. Усяго падчас акупацыі на тэрыторыі БССР загінула звыш 1 млн. 400 тыс. цывільнага насельніцтва і каля 810 тыс. ваеннапалонных.

У той жа час германскія цывільныя ўлады імкнуліся прыцягнуць на свой бок частку мясцовага насельніцтва. З гэтай мэтай заахвочвалася прыцягненне мясцовых жыхароў у адміністрацыйныя органы, аднаўлялася дзейнасць рэлігійных культавых устаноў, дазвалялася навуковая і культурная дзейнасць, арганізоўваліся беларускамоўныя школы (у генеральнай акрузе “Беларусь”).

Супрацоўніцтва насельніцтва акупіраваных тэрыторый з нямецка-фашысцкімі ўладамі атрымала назву калабарацыя. У яе межах існавалі розныя плыні. На тэрыторыі Беларусі найбольш значнай плынню з’яўлялася беларуская нацыянальная калабарацыя. Яна была прадстаўлена такімі арганізацыямі як Беларуская народная самапомач, Саюз беларускай моладзі і інш. У іх удзельнічалі пераважна прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху, якія разлічвалі на стварэнне беларускай дзяржаўнасці пад пратэктаратам Германіі. У снежні 1943 г. з дазволу германскіх улад была створана Белаурская цэнтральная рада (БЦР) – прадстаўнічы орган беларускіх нацыянальных арганізацый пры адміністрацыі генеральнай акругі “Беларусь” на чале з Радаславам Астроўскім. Беларускія калабаранты актыўна ўдзельнічалі ў фарміраванні паліцэйскіх батальёнаў і іншых вайсковых адзінак. У сакавіку 1944 г. па ініцыятыве БЦР была абвешчана прымусовая мабілізацыя насельніцтва ў генеральнай акрузе “Беларусь” у Беларускую краёвую абарону, якая выкарыстоўвалася германскімі ўладамі як дапаможнае войска. Усяго ў Беларускую краёвую абарону было прыцягнута каля 25 тыс. чалавек. Напярэдадні выгнання германскіх акупантаў беларускія калабаранты пад кантролем нямецкай адміністрацыі 27 чэрвеня 1944 г. правялі ў Мінску т.зв. “Другі Усебеларускі кангрэс”, які прыняў рэзалюцыі аб непрызнанні БССР і неправамоцнасці савецка-польскіх дагавораў, якія датычылі Беларусі.

Істотнай плынню ў межах калабарацыі з’яўлялася дзейнасць расійскіх прафашысцкіх арганізацый, якія ўтваралі вайсковыя адзінкі пераважна з ліку ваеннапалонных на тэрыторыі Беларусі: Руская вызваленчая народная армія, Руская нацыянальная народная армія і інш. Таксама на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі ўкраінскія, літоўскія, латышскія, казацкія, татарскія і іншыя калабаранцкія ваенна-паліцэйскія фарміраванні.

Такім чынам, на працягу 1941-1944 гг. на тэрыторыі Беларусі быў усталяваны нямецка-фашысцкі акупацыйны рэжым. Яго спецыфічнымі рысамі з’яўляліся скіраванасць на татальнае выкарыстанне людскіх і матэрыяльных рэсурсаў краю на патрэбы вядзення вайны, а таксама правядзенне масавых рэпрэсій супраць мясцовага насельніцтва, якія мелі характар генацыду.

 

Антыфашысцкі рух на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1944 гг.

Палітыка нямецка-фашысцкіх улад выклікала незадаволенасць большай часткі насельніцтва Беларусі, асабліва ва ўсходняй яе частцы, дзе ўлада належала ваеннаму камандаванню. На працягу ўсяго перыяду акупацыі на тэрыторыі Беларусі разгарнуўся шырокі антыфашысцкі рух, які праходзіў пераважна ў двух асноўных формах: партызанскі pyx і антыфашысцкае падполле.

Ужо падчас адступлення Чырвонай арміі летам 1941 г. савецкімі партыйна-дзяржаўнымі работнікамі была створана сетка падпольных цэнтраў, арганізацый і груп. Іх галоўнымі задачамі з’яўляліся арганізацыя партызанскіх атрадаў, правядзенне дыверсій і антыфашысцкай прапаганды. Да канца жніўня 1941 г. было створана 378 партызанскіх атрадаў і дыверсійных груп, у якія ўваходзіла каля 8 тыс. чалавек. Аснову першых партызанскіх і падпольных фарміраванняў складалі чырвонаармейцы, якія трапілі ў акружэнне, савецкія партыйныя і камсамольскія актывісты. Буйнейшай у Беларусі сеткай падпольных арганізацый з’яўлялася мінскае партыйнае падполле на чале з І.К. Кавалёвым, якое актыўна дзейнічала да вясны 1942 г., калі было разгромлена нацысцкімі спецслужбамі. Буйныя падпольныя цэнтры дзейнічалі ў Магілёве, Віцебску, Оршы, Гомелі, Жлобіне, Брэсце, Баранавічах і іншых гарадах. Дзейнічаў падпольны друк, галоўнымі выданнямі якога з’яўляліся газеты “Звязда” і “Чырвоная змена”.

Разам з развіцём падпольнага руху адбываецца ўтварэнне партызанскіх атрадаў. Да ліку буйнейшых з іх належалі:

атрад пад камандаваннем В. Каржа на тэрыторыі Пінскай вобласці;

атрад пад камандаваннем Ц. Бумажкова і Ф. Паўлоўскага на тэрыторыі Кастрычніцкага раёна Палескай вобласці;

атрад пад камандаваннем М. Шмырова (“Бацькі Міная”) у Суражскім раёне Віцебскай вобласці;

падпольная група і партызанскі атрад пад кіраўніцтвам К. Заслонава ў раёне Оршы.

Аднак да канца 1941 г. партызанскі рух не меў масавага характару; адсутнічаў адзіны партызанскі цэнтр. У аснове яго развіцця знаходзілася перакідванне дыверсійных груп з савецкага тылу, якія ў асноўнай большасці знішчаліся.

Перамогі Чырвонай Арміі ў бітвах пад Масквой (снежань 1941 г.), пад Сталінградам (лістапад 1942 – люты 1943 гг.) і на Курскай дузе (ліпень 1943 г.) і звязаны з імі пералом у ходзе Вялікай Айчыннай вайны на карысць савецкіх сіл выклікалі ўдым партызанскага і падпольнага руху ў Беларусі. Было адноўлена мінскае партыйнае падполле, якое было самым буйным у Беларусі (у яго складзе за ўвесь час акупацыі знаходзілася звыш 9 тыс. чалавек). У 1943 г. мінскія падпольшчыкі разам з партызанамі здзейснілі шэраг буйных дыверсій на гарадскіх прадпрыемствах і чыгуначным вузле, ажыццявілі забойства гауляйтэра В. Кубэ. Шырокі падпольны рух меў месца ў Віцебску, Магілёве, Гомелі, Брэсце, Обалі, Асіповічах і г.д. Асабліва актыўную дзейнасць падпольшчыкі праводзілі ў накірунку дыверсій на чыгуначных вузлах. Усяго да 1944 г. у антыфашысцкім падполлі ў Беларусі ўдзельнічала каля 70 тыс. чалавек.

Пачынаючы з вясны 1942 г. назіраецца хуткі рост партызанскага руху. Адбываецца працэс аб’яднання асобных партызанскіх атрадаў у партызанскія брыгады і злучэнні. Першая партызанская брыгада ў Беларусі ўзнікла на тэрыторыі Віцебшчыны пад кіраўніцтвам М. Шмырова. У выніку наступлення войскі Чырвонай арміі на пачатку 1942 г. выйшлі да мяжы БССР і ўступілі ў непасрэднае ўзаемадзеянне з партызанскімі атрадамі М. Шмырова. У выніку ўтварыўся 40-кіламетровы праход у лініі савецка-германскага фронту, так званыя “Суражскія вароты”, які праіснаваў да верасня 1942 г. Праз яго партызанам перапраўлялася зброя і боепрыпасы, накіроўваліся спецыялісты па вядзенню дыверсій і інш.

Развіццю партызанскага руху ў Беларусі садзейнічала актыўная дапамога савецкага тылу. Адтуль партызаны атрымлівалі значную частку зброі, боепрыпасаў, медыкаментаў, сродкаў сувязі. Там праходзілі лячэнне параненыя партызаны, дастаўленыя з-за лініі фронту, рыхтаваліся кіруючыя кадры для партызанскага руху, дзейнічала школа па падрыхтоўцы партызанскіх спецыялістаў і інш.

3 мэтай цэнтралізацыі аператыўнага кіраўніцтва партызанскім рухам у маі 1942 г. пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання быў створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР) на чале з першым сакратаром ЦК КП(б)Б П. Панамарэнкам, а з верасня 1942 г. пачаў працаваць Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР), які ўзначаліў другі сакратар ЦК КП(б)Б П. Калінін.

У выніку паспяховых баявых аперацый партызанскіх фарміраванняў на некаторых тэрыторыях Беларусі была ліквідавана нацысцкая ўлада і ўтвораны партызанскія зоны. Найбольш буйнымі зонамі былі Акцябрска-Любанская, Барысаўска-Бягомльская, Клічаўская, Полацка-Лепельская, Расонска-Асвейская, Івянецка-Налібоцкая і інш. Да канца 1943 г. 20 партызанскіх зон кантралявалі 60% тэрыторыі БССР. У партызанскіх зонах аднаўлялася бальшавіцкая ўлада; гаспадарчыя рэсурсы падпарадкоўваліся патрэбам барацьбы з германскімі акупантамі. Палітыка генацыду, праводзімая акупацыйнымі ўладамі, садзейнічала росту падтрымкі партызан сярод мясцовага насельніцтва. У 1943 -1944 гг. партызанскі рух набывае масавы характар. Да лета 1944 г. у складзе партызанскіх фарміраванняў налічвалася каля 370 тыс. чалавек.

Буйнейнай акцыяй партызанскага руху ў Беларусі была т.зв. “рэйкавая вайна” – правядзенне адначасовага масавага разбурэння чыгуначных камунікацый у розных рэгіёнах Беларусі. У ходзе акцыі партызаны разбуралі чыгуначныя шляхі, пускалі пад адхон эшалоны, узрывалі чыгуначныя станцыі, масты. Было знішчана каля 90% чыгункі БССР. “Рэйкавая вайна” праходзіла ў тры этапы:

1)жнівень-верасень 1943 г. – акцыя праходзіла ў падтрымку наступлення Чырвонай арміі пад Курскам;

2) друга палова верасня – кастрычнік 1943 г. (“Канцэрт”) – акцыя праходзіла ў падтрымку наступлення Чырвонай арміі ва ўсходніх раёнах Беларусі;

3) чэрвень-ліпень 1944 г. – акцыя праходзіла ў кантэксце буйнога наступлення Чырвонай арміі ў Беларусі.

Важнай часткай антыфашысцкага руху ў Беларусі 1941-1944 г. з’яўляўся яўрэйскі рух супраціўлення, які праявіўся ў правядзенні антыфашыцкай прапаганды ў гета, уцёках з гета, сабатажы лагерных мерапрыемстваў, дыверсійнай працы, ўзброеных паўстаннях і партызанскім руху.

Акрамя савецкага партызанскага і падпольнага руху на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі таксама іншыя антыфашысцкія арганізацыі.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі актыўна дзейнічала польскае падполле, якое падпарадкоўвалася польскаму эмігранцкаму ўраду ў Лондане. Буйнейшай польскай падпольнай арганізацыяй, якая стварыла сетку партызанскіх атрадаў, з’яўлялася Армія Краёва (АК). На тэрыторыі Беларусі найбольш значныя сілы АК знаходзіліся на Навагрудчыне. АК выступала за аднаўленне незалежнасці Польшчы ў межах 1939 г. У 1941-1943 гг. польскае падполле знаходзілася ў саюзе з савецкім. Пасля разрыву ў красавіку 1943 г. адносін паміж СССР і польскім эмігранцкім урадам АК перайшла да тактыкі барацьбы супраць “двух ворагаў” – Германіі і СССР. Разам з тым летам 1944 г., у перыяд наступлення Чырвонай арміі, некаторыя атрады АК прынялі ўдзел у баях за Вільню. Усяго ў атрадах Арміі Краёвай у перыяд акупацыі ў Заходняй Беларусі налічвалася каля 14 тыс. чалавек.

На поўдні Беларусі ў 1942-1943 гг. дзейнічалі украінскія партызанскія атрады Украінскай паўстанцкай арміі (УПА) і т.зв. “бульбаўцаў”, якія налічвалі ў гэтым рэгіёне каля 12 тыс. чалавек. Яны выступалі за стварэнне незалежнай украінскай дзяржавы, у склад якой павінны былі ўвайсці таксама і землі паўднёвай Беларусі. Украінскія партызаны вялі ўзброеную барацьбу як супраць германскіх акупантаў, так і супраць савецкіх і польскіх партызан.

На тэрыторыі Беларусі існавалі таксама невялікія антыфашысцкія групы беларускага нацыянальнага руху, але яны не мелі значнага ўплыву.

Такім чынам, у 1941-1944 гг. на тэрыторыі Белаурусі разгарнуўся шырокі партызанскі і падпольны рух, накіраваны супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў. З 1943 г. ён набыў масавы характар і адыграў значную ролю ў разгроме войскаў нацысцкай Германіі на тэрыторыі Беларусі.

 

Выгнанне нямецка-фашысцкіх войск з тэрыторыі Беларусі ў 1943-1944 гг.

З лета 1943 г., пасля Курскай бітвы, савецкія войскі канчаткова завалодалі ініцыятывай ў Вялікай Айчыннай вайне. Восенню – зімой 1943-1944 гг. мела месца буйнамаштабнае наступленне Чырвонай арміі на тэрыторыі ад Вялікіх Лук да Чорнага мора. Падчас яго ў верасні 1943 г. савецкія войскі занялі тэрыторыі на ўсходзе Беларусі – Камарын, Хоцімск, Клімавічы, Касцюковічы, Крычаў. У лістападзе былі ўзяты Рэчыца і Гомель, а ў студзені 1944 г. Мазыр і Калінкавічы.

Да лета 1944 г. становішча на савецка-германскім фронце склалася на карысць Чырвонай арміі, якая атрымала стратэгічную ініцыятыву. Лінія фронту ў Беларусі праходзіла на ўсход ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, Бабруйска, далей на захад ад Мазыра і па рацэ Прыпяць да Ковеля, і ўяўляла сабой выступ, які атрымаў назву “Беларускі балкон”. Утрыманню гэтага выступу гітлераўскае камандаванне надавала асаблівае значэнне, бо ён прыкрываў галоўныя напрамкі наступлення Чырвонай арміі ў бок Германіі. Тут была створана моцная сістэма абароны, якую нямецкія ўлады назвалі “Фатэрлянд” (“Айчына”). Абарону ўтрымлівалі 63 дывізіі і 3 брыгады ў колькасці 1,2 млн чалавек, 9500 гармат і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гармат, 1350 баявых самалётаў.

У красавіку-маі 1944 г. Генеральны штаб Чырвонай арміі распрацаваў план наступальнай аперацыі па выгнанні нямецка-фашыцкіх войскаў з тэрыторыі Беларусі, якая атрымала кодавую назву “Баграціён”. Для ажыццяўлення гэтай аперацыі прыцягваліся войскі 1-га Беларускага (камандуючы К. Ракасоўскі), 2-га Беларускага (камандуючы Г.Захараў), З-га Беларускага (камандуючы I. Чарняхоўскі), 1-га Прыбалтыйскага (камандуючы I. Баграмян). У наступленні ўдзельнічалі Дняпроўская флатылія, французскі авіяполк “Нармандыя-Нёман”. Каардынавалі дзеянні франтоў маршалы А.Васілеўскі і Г.Жукаў. Агульная колькасць савецкіх войскаў складала 2,4 млн чалавек, 36400 гармат і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных артылерыйскіх установак і 5300 самалётаў. Такім чынам, перавага Чырвонай арміі ў вайсковай сіле і баявой тэхніцы склалася ў 2-4 разы.

Аперацыя “Баграціён” пачалася раніцай 23 чэрвеня 1944 г. Пачатак аперацыі супаў па часе з разгромам савецкія войскі ў першай палове 1944 г. буйных груповак нямецка-фашысцкіх войскаў пад Ленінградам, у Правабярэжнай Украіне і Крыме; адкрыццём у чэрвені 1944 г. другога фронту супраць Германіі і яе саюзнікаў ў Францыі англа-амерыканскімі войскамі. Наступленне Чырвонай арміі на тэрыторыі Беларусі пачалося ў чатырох асноўных напрамках: віцебскім, багушэўскім, аршанскім, бабруйскім. Актыўную дапамогу савецкім войскам аказвалі партызаны. 24 чэрвеня лінія абароны была прарвана. 26 чэрвеня былі вызвалены Віцебск і Жлобін, 27 – Орша, 28 – Магілёў, Асіповічы. 3 ліпеня 1944 г. савецкімі войскамі быў узяты Мінск.

У ходзе аперацыі “Баграціён” стварылася некалькі акружаных груповак германскіх войскаў – так званыя “катлы” (Віцебскі, Бабруйскі). У выніку баёў на захад ад горада ўтварыўся “Мінскі кацёл”, у які трапіла 100-тысячная групоўска германскіх войскаў (каля 70 тыс. нямецкіх салдат загінула, каля 35 тыс. здалася ў палон).

У ходзе далейшага наступлення савецкія войскі 4 ліпеня вызвалілі Полацк, 5 ліпеня – Маладзечна, 8 ліпеня – Баранавічы, 9 ліпеня – Навагрудак, 10 ліпеня – Слонім, 14 ліпеня – Пінск і Ваўкавыск, 16 ліпеня – Гродна, 28 ліпеня – Брэст. У выніку аперацыі “Баграціён” Чырвоная армія таксама заняла большую частку Літвы, частку Латвіі, усходніх раёнаў Польшчы.

У ходзе праведзенай наступальнай аперацыі уся тэрыторыя БССР была вернута пад кантроль савецкіх улад. З 110 дывізій і брыгад германскіх войскаў, якія прымалі ўдзел у баях, амаль 70 былі разгромлены, у тым ліку каля 20 знішчаны цалкам.

Разгром нямецка-фашысцкіх войскаў на тэрыторыі Беларусі спрыяў для іншых паспяховых наступальных аперацый, праведзеных Чырвонай арміяй і войскамі дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі, што прывяло да поўнага разгрому войскаў нацысцкай Германіі і яе саюзнікаў. У 1944-1945 гг. у Чырвоную армію было мабілізавана 755 тыс. жыхароў Беларусі; усяго ў Чырвонай арміі ваявала каля 1 млн. 300 тыс. беларускіх жыхароў. 8 мая 1945 г. Германія падпісала акт аб безумоўнай капітуляцыі, што азначала канец Вялікай Айчыннай вайны. 2 верасня 1945 г. акт аб безагаворачнай капітуляцыі падпісала Японія. Такім чынам скончылася Другая сусветная вайна.

Такім чынам, у выніку паспяховай наступальнай аперацыі “Баграціён” нямецка-фашысцкія войскі былі выгнаны з тэрыторыі Беларусі і была адноўлена савецкая ўлада.

Вялікая Айчынная вайна і германская акупацыя прынеслі беларускаму народу велізарныя страты. Паводле афіцыйных дадзеных, у Беларусі загінула больш за 2 млн. 200 тыс. жыхароў, на 85-90% скарацілася прамысловая вытворчасць, на палову – сельскагаспадарчая вытворчасць.

 

Асноўныя паняцці:

Другая сусветная вайна, нацызм, “пакт Рыбентропа-Молатава”, паход Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь, Дагавор аб дружбе і граніцы паміж Германіяй і СССР 28 верасня 1939 г., Народны сход Заходняй Беларусі, Катынскі расстрэл, дэпатрацыі, “Барбароса”, група армій “Цэнтр”, Заходні фронт, Вялікая Айчынная вайна, антыгітлераўская кааліцыя, абарона Брэсцкай крэпасці, рэйхскамісарыят “Остланд”, генеральная акруга “Беларусь”, тыл групы армій “Цэнтр”, генеральны камісарыят, палявыя і мясцовыя камендатуры, ахоўныя дывізіі, СС, “Ост”, канцэнтрацыйныя лагеры, гета, Халакост, калабарацыя, Беларуская народная самапомач, Беларуская цэнтральная рада, Беларуская краёвая абарона, партызанскі рух, антыфашысцкае падполле, мінскае партыйнае падполле, партызанскія брыгады і злучэнні, “Суражскія вароты”, Цэнтральны штаб партызанскага руху, Беларускі штаб партызанскага руху, партызанскія зоны, “рэйкавая вайна”, Армія Краёва, Украінская паўстанцкая армія, “Беларускі балкон”, “Фатэрлянд”, аперацыя “Баграціён”, “Мінскі кацёл”.

 

Кантрольныя пытанні і заданні:

1. Калі пачалася Другая сусветная вайна? Якія міжнародныя падзеі ёй папярэднічалі?

2. Што такое “пакт Рыбентропа-Молатава”? Калі ён быў заключаны і што паводле яго прадугледжвалася?

3. Калі савецкія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны? Які характар мела наступленне Чырвонай арміі на заходнебеларускіх землях?

4. Якім чынам склаліся межы межы паміж Германіяй і СССР паводле Дагавору аб дружбе і граніцы ад 28 верасня 1939 г.?

5. Калі быў праведзены Народны сход Заходняй Беларусі? Які характар мелі выбары ў склад дадзенага органа? Якія рашэнні былі прыняты падчас яго пасяджэнняў?

6. Калі адбылося юрыдычнае замацаванне заходняй Беларусі ў складзе БССР і СССР? Падумайце, чаму савецкі ўрад вырашыў перадаць тэрыторыю Віленшчыны Літве?

7. Якія мерапрыемствы былі праведзены бальшавіцкай уладай у Заходняй Беларусі ў сацыяльна-эканамічнай і сацыяльна-культурнай галінах? На падтрымку якіх сацыяльных слаёў насельніцтва былі перадусім накіраваны дадзеныя мерапрыемствы?

8. Падумайце, чаму ў той час, калі ва ўсходняй Беларусі палітыка беларусізацыі ў 1930-я гг. была згорнута, у Заходняй Беларусі яна актыўна праводзілася ў 1939-1941 гг.?

9. Якія групы насельніцтва заходняй Беларусі падлягалі дэпартацыі ў 1940-1941 гг.? Чым гэта было выклікана?

10. Паспрабуйце даць агульную характарыстыку вынікаў і значэння далучэння Заходняй Беларусі да БССР і СССР.

11. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна? Якія былі яе перадумовы? Якімі былі суадносіны сіл германскіх і савецкіх войскаў на мяжы БССР напярэдадні вайны?

12. Якія асаблівасці мелі баявыя дзеянні на першым этапе Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі БССР? Дайце характарыстыку асноўных падзей.

13. У якіх мясцовасцях БССР праходзілі найбольш значныя баі ў чэрвені-жніўні 1941 г.?

14. Дайце агульную характарыстыку мабілізацыйных мерапрыемстваў на тэрыторыі БССР на пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У якіх рэгіёнах БССР яны праводзіліся найбольш эфектыўна?

15. Назавіце асноўныя вынікі праведзенай ва ўсходняй Беларусі эвакуацыі матэрыяльных рэсурсаў і насельніцтва?

16. Падумайце, ці можна вылучыць якія-небудзь з’явы грамадскага жыцця ў СССР, якія сведчылі пра ўзмацненне таталітарнага рэжыму падчас вайны?

17. У склад якіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных утварэнняў была ўключана тэрыторыя Беларусі ва ўмовах германскай акупацыі?

18. Якія органы ўлады былі створаны на тэрыторыі Беларусі ва ўмовах акупацыйнага рэжыму? Чым адрознівалася адміністрацыйная ўлада на тэрыторыях рэйхскамісарыятаў і тылу групы армій “Цэнтр”?

19. Ахарактарызуйце асноўныя мэты германскіх уладаў, якія яны мелі пры правядзенні сваёй палітыкі на землях Беларусі?

20. Дайце агульную характарыстыку эканамічнай палітыкі германскіх уладаў на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1944 гг.

21. Дайце характарыстыку палітыкі масавых рэпрэсій, праводзімай германскімі ўладамі ў Беларусі ў 1941-1944 гг. Чым можна абумовіць рэпрэсіўны характар нацысцкай улады?

22. Якія Вам вядомыя буйнейшыя канцэнтрацыйныя лагеры на тэрыторыі Беларусі? На якія катэгорыі падзяляліся лагеры?

23. Прывядзіце доказы на карыць таго, што палітыка нацысцкіх улад на тэрыторыі Беларуі мела характар генацыду?

24. Што такое калабарацыя? Якія Вы ведаеце плыні ў межах калабаранцкага руху на тэрыторыі Беларусі?

25. Якія мэты мелі перад сабой тыя дзеячы беларускага нацыянальнага руху, якія падтрымлівалі акупацыйны рэжым? Назавіце асноўныя арганізацыі беларускай калабарацыі.

26. Калі ў Беларусі ўзніклі падпольныя арганізацыі? Якія яны ставілі перад сабой асноўныя задачы?

27. У якіх беларускіх гарадах дзейнічалі найбольш значныя падпольныя арганізацыі? Якіх Вы ведаеце дзеячоў антыфашысцкага падполля.

28. Калі адбываецца ўтварэнне на тэрыторыі Беларусі партызанскіх атрадаў? Якія Вы ведаеце найбольш буйныя партызанскія фарміраванні?

29. Калі партызанскі рух на тэрыторыі Беларусі набывае масавы характар? Чым можна патлумачыць пераход да масавай барацьбы супраць акупантаў?

30. Што такое “Суражскія вароты”? Якую ролю яны мелі ў разгортванні партызанскага руху ў Беларусі?

31. Што такое партызанскія зоны? Назавіце найбольш буйныя сярод іх.

32. Што такое “рэйкавая вайна”? Вылучыце яе асноўныя этапы?

33. Які характар меў антыфашысцкі рух сярод яўрэйскага насельніцтва?

34. Дайце агульную характарыстыку дзейнасці польскага і ўкраінскага падполля на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1944 гг.

35. Паспрабуйце вызначыць, якую ролю адыграў антыфашысцкі рух на тэрыторыі Беларусі ў агульным кантэксце Вялікай Айчыннай вайны?

36. Калі пачалося выгнанне нямецка-фашыцкіх войскаў з тэрыторыі Беларусі? Якія раёны першымі былі вызвалены войскамі Чырвонай арміі?

37. Калі пачалося правязенне аперацыі “Баграціён”? Якімі былі суадносіны сіл на савецка-германскім фронце напярэдадні яе правядзення?

38. Назавіце асноўныя падзеі, звязаныя з правядзеннем аперацыі “Баграціён”. Якія страты панесла германскае войска ў яе выніку?

39. Укажыце асноўныя вынікі правядзення аперацыі “Баграціён”. Калі нямецка-фашысцкія войскі канчаткова былі выгнаны з тэрыторыі Беларусі?

40. Калі скончыліся Вялікая Айчынная і Другая сусветная вайна? Якімі былі іх вынікі?

 

Тэмы дакладаў і рэфератаў:

1. Удзел беларускага насельніцтва ў Другой сусветнай вайне ў верасні 1939 г.

2. Дэпартацыі насельніцтва Заходняй Беларусі ў 1940-1941 гг.

3. Абарона Брэсцкай крэпасці.

4. Абарона Магілёва войскамі Чырвонай арміі ў ліпені 1941 г.

5. Генацыд яўрэйскага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1944 гг.

6. Беларуская калабарацыя ў 1941-1945 гг.

7. Дзейнасць мінскага партыйнага падполля ў 1941-1944 гг.

8. Партызанскія зоны: фарміраванне і функцыянаванне.

9. Армія Краёва на тэрыторыі Беларусі.

10. Аперацыя “Баграціён” і “рэйкавая вайна”.

 

 


Читайте також:

  1. Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі.
  2. Грамадска-палітычная сітуацыя на тэрыторыі Беларусі напярэдадні і падчас вайны 1812 г.
  3. Жалезны век на тэрыторыі Беларусі.
  4. Каменны век на тэрыторыі Беларусі.
  5. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. у Беларусі і яе вынікі.
  6. Модуль 3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі.
  7. Народы рух на Беларусі.
  8. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі.
  9. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі летам 1941 г.
  10. Пачатак Другой сусветнай вайны. Далучэнне Заходняй Беларусі да СССР і БССР.
  11. Пераход ад вайны да міру. НЭП на Беларусі.




Переглядів: 1039

<== попередня сторінка | наступна сторінка ==>
Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі летам 1941 г. | Тэма 22: БССР у другой палове 1940 – першай палове 1950-х гг.

Не знайшли потрібну інформацію? Скористайтесь пошуком google:

  

© studopedia.com.ua При використанні або копіюванні матеріалів пряме посилання на сайт обов'язкове.


Генерація сторінки за: 0.041 сек.