Студопедия
Новини освіти і науки:
МАРК РЕГНЕРУС ДОСЛІДЖЕННЯ: Наскільки відрізняються діти, які виросли в одностатевих союзах


РЕЗОЛЮЦІЯ: Громадського обговорення навчальної програми статевого виховання


ЧОМУ ФОНД ОЛЕНИ ПІНЧУК І МОЗ УКРАЇНИ ПРОПАГУЮТЬ "СЕКСУАЛЬНІ УРОКИ"


ЕКЗИСТЕНЦІЙНО-ПСИХОЛОГІЧНІ ОСНОВИ ПОРУШЕННЯ СТАТЕВОЇ ІДЕНТИЧНОСТІ ПІДЛІТКІВ


Батьківський, громадянський рух в Україні закликає МОН зупинити тотальну сексуалізацію дітей і підлітків


Відкрите звернення Міністру освіти й науки України - Гриневич Лілії Михайлівні


Представництво українського жіноцтва в ООН: низький рівень культури спілкування в соціальних мережах


Гендерна антидискримінаційна експертиза може зробити нас моральними рабами


ЛІВИЙ МАРКСИЗМ У НОВИХ ПІДРУЧНИКАХ ДЛЯ ШКОЛЯРІВ


ВІДКРИТА ЗАЯВА на підтримку позиції Ганни Турчинової та права кожної людини на свободу думки, світогляду та вираження поглядів



Прычыны і перадумовы рэвалюцыі 1905-1907 гг.

На пачатку 20 ст. Расійская імперыя апынулася ў стане сістэмнага грамадскага крызісу, які выклікаў рэвалюцыю 1905-1907 гг. Асноўнымі прычынамі крызісу і рэвалюцыі былі глыбокія сацыяльныя праблемы:

1) Праблема дзяржаўна-палітычнага ўладкавання. Дзяржаўна-палітычны лад Расійскай імперыі вызначаўся як абсалютная манархія. Пры фарміраванні і функцыянаванні органаў дзяржаўнай улады адстунічалі элементы выбарнасці, адкрытасці і галосносці. У дзяржаве амаль адсутнічалі грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды; панавала паліцэйска-бюракратычнае самавольства; захоўваўся саслоўны падзел грамадства з рознымі правамі і абавязкамі для прадстаўнікоў розных саслоўяў. Станаўленне элементаў грамадзянскай супольнасці ў выніку капіталістычнай мадэрнізацыі (стварэнне грамадскіх арганізацый у эканамічнай і культурнай сферах, узнікненне элементаў сістэмы мясцовага і гарадскога самакіравання, фарміраванне рабочага руху) патрабавала дэмакратызацыі састарэлай сацыяльна-палітычнай сістэмы.

2) Аграрная праблема. Пераважная большасць насельніцтва пражывала ў вёсцы. Пазямельныя адносіны ў сельскай гаспадарцы характарызаваліся наяўнасцю буйнога памешчыцкага землеўладання і сялянскага малазямелля. Сялянскае малазямелле і звязаныя з ім феадальныя перажыткі ў сферы вытворчых адносін, захаванне абшчыны і кругавой парукі, вялікія выкупныя плацяжы і дзяржаўныя падаткі тармазілі развіццё прадукцыйных сіл у сельскай гаспадарцы і замаруджвалі развіццё прамысловасці. Патрэбы мадэрнізацыі грамадства дыктавалі неабходнасць глыбокіх пераўтварэнняў у аграрнай сферы.

3) Нацыянальная праблема. Па меры фарміравання нацый абвастраліся супярэчнасці паміж вялікадзяржаўнай русіфікатарскай палітыкай царызму, і залежнымі ад яго народамі, якія цярпелі дыскрымінацыю з боку імперскіх улад у розных сферах (палітычнай, эканамічнай, адукацыйнай, рэлігійнай, моўнай і г.д.). Сярод іх у 19 – пачатку 20 стст. фарміруюцца самастойныя нацыянальныя рухі, што патрабавалі стварэння нацыянальнай дзяржаўнасці ў форме аўтаноміі або поўнай незалежнасці (польскі, фінскі, украінскі, літоўскі, латышскі, грузінскі і інш.). Усё гэта стварала глебу для вострых канфліктаў і падрывала стабільнасць імперыі.

4) Рабочая праблема. Вытворчыя адносіны ў сферы прамысловасці і гандлю суправаджаліся кепскімі ўмовамі жыцця і працы рабочага класа, які колькасна хутка павялічваўся ў межах імперыі (нізкая аплата працы, працяглы працоўны дзень, дрэнныя бытавыя ўмовы, адсутнасць грамадзянскае бяспраўе). Дадзеныя ўмовы садзейнічалі развіццю рабочага руху і яго паступовай палітызацыі, што патрабавала карэнных пераўтварэнняў у сферы вытворчых адносін паміж рабочымі і наймальнікамі.

На пачатку 20 ст. дадзеныя сацыяльныя праблемы асабліва абвастрыліся пад уплывам двух фактараў:

1) Сусветны эканамічны крызіс 1900-1903 гг. і эканамічная дэпрэсія 1904-1908 гг., якая наступіла пасля яго. Крызіс стаў наступствам перавытворчасці ва ўмовах прамысловага ўздыму 1890-х гг. Яго праявамі сталі спыненне або скарачэнне вытворчасці на многіх прадпрыемствах, асабліва дробных, з-за абмежаванасці або адсутнасці збыту і крэдыту, рост беспрацоўя, скарачэнне зарплаты рабочых. Усё гэта садзейнічала росту сацыяльнай напружанасці і апазіцыйных настрояў у грамадстве.

2) Вайна Расійскай імперыі з Японіяй 1904-1905 гг. за перадзел сфер уплыву на Далёкім Усходзе. Вайна з боку царызму мела адной з мэт адцягненне ўвагі грамадства ад актуальных сацыяльна-эканамічных праблем. Аднак ваенныя няўдачы расійскага войска, шматлікія чалавечыя ахвяры выклікалі супрацьлеглы эфект і садзейнічалі нарастанню грамадскай незадаволенасці.

У 1901-1904 гг. назіраецца сацыяльна-палітычны крызіс царскага рэжыму амаль па ўсёй Расійскай імперыі, у тым ліку і ў Беларусі. Пра гэта сведчаць наступныя з’явы:

1) Развіццё рабочага руху. На працягу 1901-1904 гг. значна ўзрасла колькасць рабочых выступленняў; на тэрыторыі Беларусі, у стачках, звязаных з эканамічнымі прычынамі, прыняло ўдзел 20 тыс. чалавек. Адметнай рысай рабочага руху ў 1901-1904 гг. становіцца яго палітызацыя: у стачках, звязаных з палітычнымі прычынамі, у 1901-1904 гг. на тэрыторыі Беларусі прыняло ўдзел 34 тыс. чалавек.

2) Актывізацыя рэвалюцыйнага палітычнага руху. У 1901-1904 гг. значна ўзрастае колькасны склад і грамадскі ўплыў рэвалюцыйных партый і арганізацый. Ва ўсіх значных гарадах і некаторых мястэчках дзейнічалі арганізацыі ПСР, РСДРП, Бунда, ППС на Літве, БСГ, групы анархістаў. Рэвалюцыйныя суполкі актыўна ўдзельнічалі ў рабочым руху, арганізацыі стачак, палітычных дэманстрацый і маніфестацый; узрасла іх прапагандысцкая актыўнасць.

3) Палітыка лавіраванняў з боку царскай улады. Царызм з мэтай змяншэння грамадскай незадаволенасці пайшоў на правядзенне некаторых рэформ у розных сферах сацыяльнага жыцця: увядзенне рабочага заканадаўства ў дробнай і рамеснай прамысловасці, скасаванне кругавой парукі сялян пры спагнанні падаткаў 1903 г., адмена цялесных пакаранняў для сялян 1904 г. З мэтай нейтралізаваць уплыў рэвалюцыйнага руху ажыццяўлялася падтрымка спецыяльна арганізаваных або кантралюемых ўладамі масавых грамадскіх рухаў, да якіх належыць залічыць “паліцэйскі сацыялізм” і сіянізм.

Паліцэйскі сацыялізм” уяўляў з сябе арганізацыю некаторымі прадстаўнікамі ўлады рабочых саюзаў, якія ставілі сваёй задачай забеспячэнне элементарных эканамічных і культурных патрабаванняў рабочых, каб тым самым ізаляваць іх ад палітычнай барацьбы. Паколькі ў Беларусі колькасна пераважаў яўрэйскі пралетарыят, “паліцэйскі сацыялізм” укараняўся перадусім сярод яўрэйскіх рабочых. У 1901-1903 гг. у Мінску, Вільні і Адэсе ў дадзеным накірунку дзейнічала Яўрэйская незалежная рабочая партыя, якая на кароткі час атрымала дастаткова значны ўплыў. У іншых гарадах імперыі, асабліва ў Пецярбургу, “паліцэйскі сацыялізм” насуперак яго першапачатковым мэтам прывёў да шырокага ўцягнення рабочых у грамадскі рух, які выйшаў за межы лаяльнасці царызму.

Сіянізм узнікае ў канцы 19 ст. і уяўляе з сябе сусветны рух яўрэяў за вяртанне ў Палесціну і ўтварэнне там яўрэйскай дзяржавы. Сіяністы прапагандавалі ідэі аб богаабранасці яўрэйскага народа і шкоднасці для яго нацыянальных інтарэсаў удзелу ў грамадска-палітычным руху краін дыяспары. У сувязі з гэтым царызм не перашкаджаў дзейнасці сіяністаў і спрабаваў яго выкарыстаць для пераадолення ўплыву рэвалюцыйных арганізацый сярод яўрэйскіх рабочых. У 1902 г. з дазволу ўлад у Мінску адбыўся усерасійскі сіянісцкі з’езд. Аднак колькасны рост сіянізму прывёў да фарміравання ў ім радыкальных плыняў, якія прызнавалі неабходнасць удзелу яўрэяў у палітычнай барацьбе. У сувязі з гэтым прапаганда сіянізму ў Расійскай імперыі летам 1903 г. была забаронена. Аднак развіццё сіянісцкага руху працягвалася.

Такім чынам, на пачатку 20 ст. на землях Беларусі назіралася сітуацыя грамадска-палітычнага крызісу, выкліканага цэлым шэрагам сацыяльных праблем, які прывёў да рэвалюцыі 1905-1907 гг.

 

Ход, асноўныя этапы і вынікі рэвалюцыі 1905-1907 гг.

Непасрэдным пачаткам рэвалюцыі сталі падзеі 9 студзеня 1905 г. у Пецярбургу (“Крывавая нядзеля”). У гэты дзень адбылося масавае 140-тысячнае мірнае шэсце рабочых да царскага палаца па ініцыятыве лідэра рабочай арганізацыі, створанай першапачаткова ў духу “паліцэйскага сацыялізму”, Г. Гапона з патрабаваннямі дэмакратычных рэформ, спынення вайны з Японіяй і паляпшэння матэрыяльнага становішча пралетарыяту. Паводле загаду царскіх улад шэсце было расстраляна, у выніку чаго загінула звыш 1 тыс. чалавек. Вестка пра гэтыя падзеі выклікала шырокае грамадскае абурэнне, якое стала пачаткам масавых рэвалюцыйных дзеянняў.

Рэвалюцыя 1905-1907 гг. уу Расійскай імперыі, у тым ліку і ў Беларусі, у сваім развіцці прайшла праз некалькі этапаў:

Першы, пачатковы, этап працягваўся са студзеня па верасень 1905 г. Дадзены этап характарызаваўся паступовым нарастаннем рэвалюцыйнага руху, галоўнай формай якога з’яўляліся палітычныя стачкі і вулічныя выступленні (дэманстрацыі, мітынгі, маніфестацыі).

На тэрыторыі Беларусі рэвалюцыя пачынаецца ў студзені 1905 г. з правядзення масавых забастовак салідарнасці з пецярбургскімі рабочымі, што ахапілі 30 гарадоў і мястэчак і суправаджаліся масавымі дэманстрацыямі і мітынгамі. У забастоўках салідарнасці ў Беларусі прынялі ўдзел каля 34 тыс. чалавек. У лютым-сакавіку 1905 г. хваля палітычных выступленняў рэзка знізілася, але ў красавіку-чэрвені назіраецца новы ўздым, звязаны са святкаваннем 1 Мая, а таксама з пратэстамі супраць рэпрэсій царскага ўрада. У палітычных стачках у гэтыя месяцы ўдзельнічала каля 100 тыс. чалавек. У Пінску ў красавіку 1905 г. палітычная забастоўка набыла ўсеагульны характар. У антыўрадавых палітычных выступленнях у гарадах Беларусі прымалі ўдзел прадстаўнікі розных сацыяльных слаёў: рабочыя, служачыя, рамеснікі, дробныя гандляры, інтэлігенцыя, вучнёўская моладзь.

Адначасова з палітычнымі выступленнямі назіраўся ўздым эканамічных стачак рабочых з патрабаваннямі скарачэння рабочага дня, павелічэння заработнай платы, паляпшэння ўмоў працы, дапушчэння ўдзелу сваіх прадстаўнікоў у вырашэнні пытанняў, звязаных з устанаўленнем расцэнак, прыёмам і звальненнем з работы і інш. У выніку забастовак, праведзеных вясной і летам 1905 г., рабочыя Беларусі ў многіх выпадках дамагліся істотнага павышэння заробкаў, скарачэння рабочага дня да 9-10 гадзін, абмежавання самавольства ўласнікаў прадпрыемстваў і г.д.

Паступова рэвалюцыйныя хваляванні перакінуліся ў вёску. У студзені-чэрвені 1905 г. у Беларусі адбылося 290 сялянскіх выступленняў. Паводле прыкладу прамысловых рабочых арганізоўваюцца забастоўкі сельскагаспадарчых рабочых у памешчыцкіх маёнтках з патрабаваннямі павелічэння зарплаты і скарачэння працоўнага дня. Найбольш значнай сярод іх была забастоўка сялян-падзёншчыкаў і батракоў у чэрвені 1905 г. у маёнтках Навагрудскага павета.

Летам 1905 г. рэвалюцыйны рух ахапіў амаль усе рэгіёны Расійскай імперыі. У некаторых гарадах адбыліся масавыя антыўрадавыя выступленні (Варшава, Лодзь, Іванава-Вазнясенск, Адэса). У чэрвені выбухнула паўстанне матросаў Чарнаморскага флота на браняносцы “Пацёмкін”. Дадзеныя падзеі вымусілі царскі ўрад дэклараваць правядзенне дзяржаўна-палітычнай рэформы. 6 жніўня 1905 г. цар Мікалай ІІ падпісаў маніфест аб заснаванні Дзяржаўнай думы, праект якой быў распрацаваны міністрам унутраных спраў А.Р. Булыгіным (адсюль назва “булыгінская дума”). Дзяржаўная дума павінна была стаць прадстаўнічым органам, прызначаным для абмеркавання праектаў законаў, бюджэту і г.д. і падачы рэкамендацый, аднак яна не мела права самастойнага прыняцця законаў, што заставалася прэрагатывай імператара. Выбары ў думу былі шматступеннымі, а прадстаўніцтва розных сацыяльных слаёў непрапарцыянальнае; большая частка насельніцтва (большасць рабочых, навучэнцы, некаторыя нацыянальныя меншасці і г.д.) наогул былі пазбаўлены выбарчых правоў. Усе рэвалюцыйныя і частка ліберальных арганізацый заклікалі да байкоту мяркуемых выбараў у “булыгінскую думу”. У цэлым у Беларусі хваля рэвалюцыйных выступленняў у жніўні-верасні 1905 г. значна зменшылася.

Другі этап прыпадаў на кастрычнік-снежань 1905 г. Для яго характэрны найвышэйшы ўздым рэвалюцыі, адзначаны масавымі антыўрадавымі выступленнямі. 7-17 кастрычніка па ўсёй імперыі разгарнулася Усерасійская палітычная стачка, якая пачалася з усеагульнай стачкі чыгуначнікаў. У межах усёй дзяржавы спыніліся чыгункі, большасць прамысловых прадпрыемстваў, амаль не працавала сувязь. Стачка адбывалася пад лозунгам ліквідацыі самадзяржаўя і ўстанаўлення дэмакратычнай рэспублікі. На тэрыторыі Беларусі стачка распаўсюдзілася на 32 населеныя пункты; у ёй удзельнічала толькі ў прамысловасці каля 66 тыс. чалавек. На ўзроўні асобных буйных прадпрыемстваў і некаторых чыгуначных вузлоў стачкай кіравалі выбраныя рабочымі стачачныя камітэты. Рэвалюцыйныя арганізацыі для каардынацыі дзеянняў на ўзроўні гарадоў ўтваралі кааліцыйныя саветы і камісіі. Стачка суправаджалася масавымі мітынгамі і дэманстрацыямі. Вядучую ролю ў арганізацыі стачкі адыгралі чыгуначнікі.

Ва ўмовах нарастання рэвалюцыйнага руху цар Мікалай ІІ падпісаў маніфест 17 кастрычніка, паводле якога Дзяржаўная дума надзялялася заканадаўчымі паўнамоцтвамі, пашыраўся кантынгент выбаршчыкаў, абвяшчалася ўвядзенне дэмакратычных свабод: слова, друку, сходаў, саюзаў, сумлення і г.д. Пасля абвяшчэння маніфеста наступіла некаторая лібералізацыя грамадскага жыцця: адбывалася стварэнне новых палітычных партый і грамадскіх арганізацый, былі легалізаваны некаторыя нізавыя арганізацыі рэвалюцыйных партый, пачалі легальна выходзіць апазіцыйныя друкаваныя выданні. У той жа час царызм спалучаў палітыку саступак рэвалюцыйнаму руху з рэпрэсіямі. Так, 18 кастрычніка 1905 г. паводле распараджэння мінскага губернатара Курлова ў Мінску быў расстраляны масавы 20-тысячны мітынг, у выніку чаго загінула каля 100 чалавек.

Нягледзячы на спыненне ўсеагульнай стачкі рэвалюцыйныя выступленні ў краіне працягваліся. У снежні 1905 г. адбылася новая Усерасійская палітычная стачка, якая пачалася зноў з усеагульнай стачкі чыгуначнікаў. У Маскве і некаторых іншых расійскіх гарадах стачка перарасла ва ўзброенае паўстанне. У Беларусі стачка ахапіла 17 гарадоў і мястэчак; у ёй удзельнічалі каля 44 тыс. чалавек. На чале стачкі знахадзіліся чыгуначныя камітэты і кааліцыйныя саветы рэвалюцыйных арганізацый. Найбольш значныя выступленні ў гэты час адбыліся ў Баранавічах і Гомелі. У кастрычніку-снежні 1905 г. назіраўся значны ўздым сялянскага руху: за два месяцы ў Беларусі былі зафіксаваны 494 сялянскія выступленні. У Гродне, Брэсце і Бабруйску адбываліся хваляванні салдат.

Аднак царызму ўдалося задушыць снежаньскія выступленні ў гарадах і сялянскія хваляванні з дапамогай войска і паліцыі. Былі праведзены жорсткія рэпрэсіі, зачынены многія апазіцыйныя выданні. У той жа час царскія ўлады, імкнучыся ўмацаваць сваё становішча, ішлі на некаторыя саступкі рэвалюцыйнаму руху. У снежні 1905 г. была адменена крымінальная адказнасць за ўдзел у стачках; у сакавіку 1906 г. была дазволена дзейнасць прафесійных саюзаў рабочых. 11 снежня 1905 г. быў абвешчаны закон аб выбарах у першы расійскі парламенцкі орган улады – Дзяржаўную думу.

Трэці этап рэвалюцыі працягваўся са студзеня 1906 г. да чэрвеня 1907 г. Яго адметнасцю сталі дзве тэндэнцыі: паступовае затуханне стачачнага руху і вулічных выступленняў і перанясенне палітычнай барацьбы ў парламент.

Пасля разгрому рэвалюцыйных выступленняў канца 1905 г. галоўная ўвага грамадскасці была засяроджана на выбарах у І Дзяржаўную думу, з якой многія звязвалі надзеі на правядзенне грамадскіх рэформ. Павводле закона аб выбарах, шматлікія катэгорыі ніжэйшых слаёў насельніцтва, а таксама жанчыны былі пазбаўлены выбарчага права. Выбары былі няроўныя і шматступеньчатыя. Усе выбаршчыкі ў залежнасці ад саслоўнай прыналежнасці падзяляліся на курыі; прадстаўніцтва ад курый было арганізавана такім чынам, што фактычна 1 голас двараніна быў роўны 3,5 галасам гарадской буржуазіі, 15 галасам сялян і 45 галасам рабочых.

На пачатак 1906 г., напярэдадні думскіх выбараў у грамадска-палітычным жыцці Беларусі выразна былі выяўлены 3 палітычныя блокі: правы (кансерватыўны), цэнтрысцкі (ліберальны), левы (рэвалюцыйна-дэмакратычны).

Да правага блоку належалі шматлікія партыі і арганізацыі, створаныя ў 1905-1906 гг. Найбольш значнымі і масавымі сярод іх былі Саюз рускага народа (чарнасоценцы) і Саюз 17 кастрычніка (акцябрысты). У Беларусі арганізацыі дадзеных партый узніклі амаль ва ўсіх значных гарадах і некаторых мястэчках. На чале іх знаходзіліся рускія чыноўнікі-дваране і праваслаўнае духавенства. У той жа час у склад арганізацый уваходзілі і манархічна настроеныя прадстаўнікі ніжэйшых слаёў грамадства. У аснове ідэалогіі дадзеных партый знаходзіліся манархізм (прынцып непахіснасці манархічнай улады ў дзяржаве, недапушчальнасці істотных рэформ у структуры сацыяльна-палітычнага ладу імперыі) і рускі нацыянал-шавінізм, які культываваў варожасць да нярускіх народаў, у першую чаргу яўрэяў (галоўны лозунг “Расія для рускіх”). На землях Беларусі правыя сілы лічылі сваёй апорай праваслаўнае насельніцтва, якое абвяшчалася рускім. Ва ўсіх сацыяльных праблемах, з якімі сутыкалася “рускае” насельніцтва вінаватымі абвяшчаліся яўрэі і католікі-палякі, з імі ж атаясамліваліся і рэвалюцыйныя сілы. Пад уплывам чарнасоценнай агітацыі адбыліся яўрэйскія пагромы ў Гомелі, Беластоку, Оршы, Рэчыцы; ажыццяўляліся напады на антыўрадавыя дэманстрацыі і мітынгі, забойствы рэвалюцыйных дзеячоў.

Галоўнай сілай цэнтрысцкага, ліберальнага блоку з’яўлялася Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя народнай свабоды (кадэты), якая ўзнікла ў кастрычніку 1905 г. У аснове ідэалогіі дадзенай партыі знаходзіўся лібералізм. У праграме кадэтаў змяшчаліся наступныя асноўныя ідэі:

- эвалюцыйная трансфармацыя Расійскай імперыі ў канстытуцыйную манархію;

- станаўленне і развіццё дэмакратычных грамадзянскіх і палітычных свабод; ліквідацыя саслоўных і нацыянальных абмежаванняў;

- развіццё мясцовага самакіравання, наданне народам імперыі нацыянальна-культурнай аўтаноміі (права на дзяржаўную аўтаномію прызнавалася толькі за Фінляндыяй і Польшчай);

- вырашэнне аграрнай праблемы шляхам частковага пераразмеркавання памешчыцкай зямлі на карысць сялян.

У Расіі аснову кадэцкай партыі складалі дзеячы земстваў і акадэмічная інтэлігенцыя. У Беларусі з-за адсутнасці земстваў і вышэйшых навучальных устаноў адсутнічала спрыяльная глеба для арганізацыі партыі; невялікія групы кадэтаў узніклі толькі ў Маглёве і Пінску.

Аднак кадэтаў падтрымлівалі тут яўрэйскія ліберальныя арганізацыі (Саюз дасягнення раўнапраўя яўрэяў у Расіі і інш.), сіяністы. Да ліберальнага блоку належала таксама Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Беларусі і Літвы, створаная ў пачатку 1906 г. па ініцыятыве каталіцкага духавенства. Яе дзейнасць разгортвалася пераважна ў Віленскай губерні. Праграма партыі была блізкай да кадэцкай, аднак упор у ёй рабіўся на неабходнасці аўтаноміі і шырокага мясцовага самакіравання на землях Беларусі і Літвы, абароне свабоды каталіцкага веравызнання; у адрозненне ад кадэтаў абвяшчалася непахіснасць памешчыцкага землеўладання. Усе ліберальныя арганізацыі лічылі неабходным для дасягнення сваіх мэт актыўна ўдзельнічаць у парламенцкай дзейнасці.

Рэвалюцыйна-дэмакратычны блок прадстаўлялі левыя партыі і арганізацыі (РСДРП, ПСР, Бунд, ППС на Літве, БСГ, анархісты). Нягледзячы на ідэйныя адрозненні паміж імі, усе яны выступалі за рэвалюцыйнае звяржэнне самадзяржаўя і правядзенне ў выніку гэтага карэнных грамадскіх рэформ у духу ідэй сацыялізму. Будучае паслярэвалюцыйнае дзяржаўна-палітычнае ўладкаванне большасць рэвалюцыйных арганізацый бачыла як федэрацыю раўнапраўных дэмакратычных рэспублік, створаных на тэрыторыях пражывання народаў Расійскай імперыі. Паводле аграрнага пытання левыя сілы выступалі за поўную ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу зямлі сялянам. Выбары ў І Дзяржаўную думу яны байкатавалі, адзначаючы недэмакратычнасць выбарчага заканадаўства і спадзяваючыся на новы ўздым масавых выступленняў.

На выбарах у І Дзяржаўную думу ад Беларусі было абрана 36 дэпутатаў, сярод якіх 29 прадстаўнікоў ліберальных сіл. Ва ўмовах байкоту выбараў левымі гэта сведчыла пра апазіцыйнасць грамадскіх настрояў у Беларусі ў цэлым. І Дума пачала працаваць у красавіку 1906 г. Буйнейшая фракцыяй у ёй стала кадэцкая. Група сялянскіх дэпутатаў ўтварыла больш левую фракцыю трудавікоў. Многія дэпутаты ад нацыянальных ускраін імперыі, у тым ліку ад Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі, далучыліся да фракцыі аўтанамістаў. Правыя сілы апынуліся ў яўнай меншасці. У цэнтры думскіх дэбатаў паўстала аграрнае пытанне. Былі прадстаўлены два асноўныя законапраекты: кадэцкі, які прадугледжваў частковую перадачу памешчыцкіх і дзяржаўных зямель сялянам, і фракцыі трудавікоў, згодна з якім памешчыцкае землеўладанне скасоўвалася, праводзілася перадача зямлі ў грамадскі фонд, з якога яна размяркоўвалася паміж сялянамі паводле ўраўняльнага прынцыпу. Для царызму падобныя праекты былі непрымальныя. Дэпутаты Думы абвясцілі недавер царскаму ўраду і патрабавалі яго адстаўкі. У адказ цар 9 ліпеня 1906 г. разагнаў Думу, абвясціўшы пры гэтым аб новых выбарах.

Падчас працы І Думы вясной-летам 1906 г. назіраецца некаторы ўздым рэвалюцыйнага, рабочага і сялянскага руху. Спадзяваючыся на яго рост, частка дэпутатаў разагнанай Думы 10 ліпеня 1906 г. выдала адозву да народа (“Выбаргская адозва”), у якой заклікала да акцыі масавага грамадзянскага непадпарадкавання; рэвалюцыйныя партыі заклікалі да ўзброенага паўстання. Аднак масавага руху не адбылося, галоўнай прычынай чаго стала палітыка рэпрэсій, якую стаў актыўна праводзіць царскі ўрад на чале з П.А. Сталыпіным. Паводле яго распараджэнняў, ствараліся ваенна-палявыя суды, якія ў паскораным парадку вялі справы супраць удзельнікаў рэвалюцыйных выступленняў; шырока практыкавалася пакаранне смерцю. Падвяргаліся пераследам апазіцыйныя партыі, прафсаюзы, незалежныя перыядычныя выданні.

У падобных умовах праходзілі выбары ў ІІ Дзяржаўную думу. Левыя сілы з-за правалу байкоту ў І Думу таксама ўдзельнічалі ў іх. На вынікі выбараў істотна паўплывалі адміністрацыйны націск і шырокая прапаганда з боку правых. Сярод 36 дэпутатаў, абраных ад Беларусі, 15 належалі да правага блока, 11 – да аўтанамістаў, 2 – да кадэтаў, 8 былі беспартыйнымі. Ніводзін кандыдат ад левых сіл у Думу не трапіў.

Аднак у цэлым у ІІ Дзяржаўнай думе, якая пачала працу 20 лютага 1907 г., пераважалі левыя; кадэты і аўтанамісты ўтваралі ўплывовыя цэнтрысцкія фракцыі; правыя знаходзіліся ў меншасці. У такіх умовах Дума спрабавала вырашыць тыя пытанні, якія стаялі і перад І Думай, што хутка прывяло дя яе канфлікту з царскім урадам. Улічваючы істотны спад рэвалюцыйнага руху, цар 3 чэрвеня 1907 г. разагнаў Думу і выдаў новы выбарчы закон. Паводле гэтага закону шматступенчатая сістэма выбараў была перапрацавана такім чынам, што надавала яўную перавагу дваранскаму прадстаўніцтву (1 голас двараніна фактычна быў роўны 4 галасам гарадской буржуазіі, 260 галасам сялян, 543 галасам рабочых). Гэтая падзея азначала канец рэвалюцыі 1905-1907 гг.

Такім чынам, рэвалюцыя 1905-1907 гг., паводле меркавання большасці гісторыкаў, з’яўлялася буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыяй, паколькі была накіравана на стварэнне ўмоў для больш хуткага развіцця капіталістычных адносін у эканоміцы і дэмакратызацыі грамадска-палітычнай сістэмы.

У цэлым рэвалюцыя 1905-1907 гг. пацярпела паражэнне, паколькі не здолела змяніць асновы сацыяльна-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага ладу, не змагла вырашыць галоўныя сацыяльныя праблемы, якія з’яўляліся прычынамі рэвалюцыі. Аднак у той жа час у выніку рэвалюцыі царызмам былі праведзены некаторыя пераўтварэнні, накіраваныя на змякчэнне дадзеных праблем:

- стварэнне агульнадзяржаўнага органа парламенцкай улады, які некалькі абмяжоўваў царскі абсалютызм;

- абвяшчэнне грамадзянскіх і палітычных правоў і свабод – слова, друку, правядзення сходаў, стварэння палітычных партый і грамадскіх арганізацый (аднак не ў поўным аб’ёме і без гарантый іх захавання);

- адмена з 1907 г. выкупных плацяжоў для сялянства; некаторае абмежаванне чыноўніцкага і памешчыцкага самавольсва ў вёсцы;

- некаторае паляпшэнне рабочага заканадаўства; дазвол на дзейнасць прафсаюзаў;

- дазвол на выкарыстанне ў друку і часткова ў сферы адукацыі моў нацыянальных меншасцяў Расійскай імперыі.

Аднак дадзеныя мерапрыемствы здолелі толькі часткова зменшыць грамадскія супярэчнасці, якія ў цэлым заставаліся нявырашанымі і стваралі глебу для будучых сацыяльных канфліктаў.

 


Читайте також:

  1. Билет) Политическая система страны в начале 20 века. Столыпинские реформы. Революция 1905-1907 года.
  2. Дайте аналіз розвитку революційних подій на Україні в 1905-1907 рр.
  3. Дайте аналіз розвитку революційних подій на Україні в 1905-1907 рр.
  4. Діяльність національних партій в період буржуазно-демократичної революції 1905-1907 рр. в Росії.
  5. З вимогою надати Україні політичну автономію виступила Українська думська громада. У 1905-1907 pp. в Україні виходило понад 30 українських газет і журналів.
  6. Значним здобутком для України в період революції 1905-1907 рр. було скасування заборони на український друк. („Валуєвський” (1863 р.) та „Емський” (1876 р.) укази).
  7. Люблінская унія. Яе перадумовы і вынікі.
  8. Основні революційні події 1905-1907 рр. в Україні
  9. Перадумовы і абвяшчэнне новай эканамічнай палітыкі.
  10. Перадумовы фарміравання беларускай нацыі.
  11. Події революції 1905-1907 рр.




Переглядів: 849

<== попередня сторінка | наступна сторінка ==>
Мастацкая культура. | Эканамічнае развіццё Беларусі на пачатку 20 ст. Сталыпінская агарарная рэформа.

Не знайшли потрібну інформацію? Скористайтесь пошуком google:

  

© studopedia.com.ua При використанні або копіюванні матеріалів пряме посилання на сайт обов'язкове.


Генерація сторінки за: 0.008 сек.